Кожная шматдзетная і малазабяспечаная сям'я Віцебскай вобласці атрымае матэрыяльную дапамогу да навучальнага года
Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Галіна Кірылава, кожная шматдзетная і малазабяспечаная сям'я Віцебскай вобласці атрымае матэрыяльную дапамогу да навучальнага года.
Бацькам траіх і больш дзяцей належыць аднаразовая выплата ў памеры да 30% бюджэту пражытачнага мінімуму на кожнае дзіця-школьніка.
Сума вызначаецца рашэннямі гаррайвыканкамаў у залежнасці ад аб'ёмаў мясцовага бюджэту. У прыватнасці, у Віцебску яна складае 51 рубель на кожнага школьніка.
Дадатковая дапамога да 1 верасня будзе аказана таксама сем'ям малазабяспечаным, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, або бацькам-інвалідам – за кошт адраснай сацыяльнай дапамогі, сродкаў прадпрыемстваў, ФСАН, спонсараў, грамадскіх арганізацый і дабрачынных фондаў.
Аднаразовыя грашовыя выплаты ўжо атрымалі больш за 7 тыс. сем'яў Віцебшчыны, у тым ліку каля 5 тыс. шматдзетных. Дадзеная фінансавая падтрымка ажыццяўляецца ў рамках падкарапараграфа «Сям'я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016 — 2020 гг.
Традыцыйна сабраць школьны партфель бацькам дапамагаюць і прафсаюзы вобласці. Як адзначыла прэс-сакратар ФПБ па Віцебскай вобласці Алена Усцінава, у 2018-м у рамках штогадовай акцыі «Прафсаюзы – дзецям» на гэтыя мэты было накіравана амаль 440 тыс. рублёў, у гэтым годзе сума чакаецца не меншая. Напрыклад, свае падарункі для дзяцей работнікаў, якія з'яўляюцца членамі арганізацыі, ужо падрыхтаваў абкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у тым ліку набыў заплечнікі з канцылярскімі прыладамі для першакласнікаў з шматдзетных сем'яў Віцебскага раёна.
Да дабрачыннай кампаніі далучаецца і Віцебскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру. Напрыклад, Наваполацкая арганізацыя БФМ абвясціла акцыю «Разам у школу!», у рамках якой сем'ям, што часова апынуліся ў цяжкім становішчы, перададуць канцылярскія прыналежнасці, набытыя неабыякавымі гараджанамі, а таксама падарункавыя сертыфікаты на набыццё тавараў у мясцовым Доме гандлю. Да ініцыятывы далучыліся аддзел па адукацыі гарвыканкама, БРСМ, Беларускі саюз жанчын. Такім чынам, штогод удаецца падтрымаць больш за паўсотні наваполацкіх сем'яў.
Гэтая маштабная кампанія па Віцебскай вобласці нацэлена на тое, каб кожнае дзіця пайшло ў школу падрыхтаваным і ніякія жыццёвыя клопаты не зацемнілі святочнага настрою ў Дзень ведаў.