Мацюшэўскі даручыў дэталёва разабрацца ў пытанні зносу дач у зоне падтаплення Віцебскай ГЭС
Першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі падчас прыёму грамадзян у Віцебскім аблвыканкаме даручыў аблвыканкаму дэталёва разабрацца ў пытанні зносу дамоў у зоне падтоплення Віцебскай ГЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На прыём прыйшоў уладальнік аднаго з дамоў садаводчага таварыства "Судабудаўнік", размешчанага ў пойме ракі Заходняя Дзвіна, і расказаў, што ў сувязі з будаўніцтвам Віцебскай ГЭС некаторыя ўчасткі могуць быць затоплены, іншыя - забалочаны. Людзей папярэджваюць, што іх уладанні пойдуць пад знос, а гаспадарам будзе прадастаўлена кампенсацыя. Па словах грамадзяніна, некаторыя дачнікі, у тым ліку ён, не хочуць перасяляцца са сваіх летніх дамоў, а праблемы забалочвання ўчасткаў і затаплення скляпенняў гатовыя вырашаць самастойна.
Выслухаўшы аргументы дачніка і довады прадстаўніка РУП "Віцебскэнерга", Васіль Мацюшэўскі падкрэсліў, што прымаць канчатковыя рашэнні па пытанні зносу дамоў можна будзе толькі пасля правядзення экспертызы. "Па выніках экспертызы неабходна вярнуцца да разгляду гэтага пытання, разабрацца дэталёва", - сказаў першы віцэ-прэм'ер. Ён даручыў старшыні аблвыканкама Мікалаю Шэрстнёву ўзяць гэта пад кантроль.
У сваю чаргу губернатар, які прысутнічаў на прыёме, адзначыў, што бакам трэба дамаўляцца. "Экспертыза праводзіцца, калі будзе вынік, то далей будзе калегіяльнае рашэнне - магчыма будзе жыць на гэтай зямлі ці не", - канстатаваў Мікалай Шэрстнёў. Па яго словах, пазіцыя грамадзян пачутая, і ўлады зробяць усё неабходнае, каб прыняць аб'ектыўнае рашэнне.
Такі ж дэталёвы разбор Васіль Мацюшэўскі даручыў правесці і па другой агучанай падчас прыёму праблеме - ветэран вайны дамагаецца прызнання таго, што яго раненне было атрымана ў 1942 годзе падчас ваенных дзеянняў, але дакументальнага пацвярджэння гэтаму факту няма. Ваенкамат і ўсе адказныя службы яшчэ раз правядуць сверку ўсіх даных.
Алена Ціханава