МНС і ДАІ правераць вогнетушыцелі ў машынах кіроўцаў Віцебска
Сёння ўпраўленні ДАІ і МНС Віцебскай вобласці праводзяць на вуліцах Віцебска акцыю, падчас якой правяраюць наяўнасць і спраўнасць вогнетушыцеляў у легкавых аўтамабілях, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні МНС вобласці.
З дапамогай акцыі "Бяспечны аўтамабіль" ведамствы разлічваюць знізіць колькасць выпадкаў знішчэння або моцнага пашкоджання легкавога транспарту ў выніку ўзгарання.
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі будуць спыняць кіроўцаў легкавых аўтамабіляў і пры адсутнасці ў іх вогнетушыцеля рабіць папярэджанне або штрафаваць. Калі вогнетушыцель маецца, кіроўцу папросяць прадэманстраваць, як ім карыстацца. Узамен выкарыстанага будзе выдадзены новы, прадастаўлены абласной арганізацыйнай структурай РГАА "Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства". Таксама выдзеленыя для акцыі вогнетушыцелі выдаюцца для дэманстрацыі навыкаў карыстання тым кіроўцам, у якіх уласныя першасныя сродкі пажаратушэння аказаліся няспраўнымі.
Акрамя таго, супрацоўнікі МНС правядуць тлумачальную працу сярод уладальнікаў транспарту аб неабходнасці аснашчэння транспарту вогнетушыцелямі з аб'ёмам вогнетушачага рэчыва не менш за 4 л. Менавіта такія мадэлі з'яўляюцца найбольш эфектыўнымі ў выпадку ўзгарання. Таксама будзе праведзены лікбез для кіроўцаў, якія не ўмеюць карыстацца вогнетушыцелем.
У мінулым годзе ў вобласці адбылося 80 пажараў на аўтатранспарце, за сем месяцаў гэтага года - 39, з якіх 33 - на легкавым транспарце. Пры гэтым асноўнымі прычынамі моцных пашкоджанняў аўтамабіляў становяцца адсутнасць або няспраўнасць першасных сродкаў пажаратушэння, вогнетушыцелі малога аб'ёму (1 л) або несертыфікаваныя, а таксама адсутнасць навыкаў карыстання імі ў кіроўцы, канстатавалі ва ўпраўленні ДАІ вобласці.