МНС ініцыюе вяртанне курса па асновах бяспекі ў абавязковую школьную праграму
19 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. МНС Беларусі ініцыюе вяртанне вучэбнага курса па асновах бяспекі жыццядзейнасці ў абавязковую школьную праграму. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. У Віцебску ён прымае ўдзел у пасяджэнні Віцебскага райвыканкама па пытаннях рэалізацыі Дырэктывы №1 "Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны" ў частцы папярэджання пажараў і гібелі людзей.
Кіраўнік ведамства нагадаў, што раней гэты курс уваходзіў у школьную праграму ў якасці абавязковага для вывучэння прадмета, а сёння застаўся ў выглядзе факультатыўных заняткаў. МНС настойвае на тым, што такі фармат і аб'ём выкладання важнага прадмета відавочна недастатковыя. "Нярэдкія сітуацыі, калі людзі ў элементарных сітуацыях не могуць арыентавацца", - падкрэсліў Уладзімір Вашчанка. Так, часта даводзіцца падымаць усе дзяжурныя службы, верталёты ў паветра для пошуку людзей, якія заблудзіліся ў лесе. Часам грамадзяне не ведаюць, як засцерагчы сябе ад укусу насякомых, а таксама ў іншых сітуацыях, дадаў ён. Таму Уладзімір Вашчанка ўпэўнены, што навучанне і прывіццё навыкаў бяспечных паводзін неабходна пачынаць ужо з дзіцячага садка і абавязкова са школьнай парты.
Уладзімір Вашчанка адзначыў, што ратавальнікаў у гэтым пытанні падтрымлівае Міністэрства адукацыі. Спецыялісты двух ведамстваў выпрацоўваюць алгарытм дзеянняў для практычнай рэалізацыі ініцыятывы МНС.
Сёння МНС робіць асноўны ўпор на выхаванне ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, навучанне людзей усіх узростаў правільным дзеянням у любой абстаноўцы. У міністэрстве распрацаваны метадычныя і навучальныя матэрыялы, пастаянна ствараюцца навучальныя відэафільмы на аснове рэальных здарэнняў, дадаў Уладзімір Вашчанка.-0-