МНС правядзе для жыхароў Віцебска маштабнае свята
МНС сёння правядзе для жыхароў Віцебска маштабнае свята, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Віцебскага абласнога упраўлення МНС Марына Фандо.
Стартуе свята ў 17.00 з параду пажарнай тэхнікі ад вул.Жэсткова па вул.Леніна да ніжняй пляцоўкі Летняга амфітэатра. Тут адбудуцца аўтамабільны дрыфт па "пенным возеры", пажарная эстафета, ліквідацыя наступстваў ДТЗ з перакульваннем аўто і іншых відаў надзвычайных сітуацый, выступленне ратавальнікаў-высотнікаў. У свяце задзейнічаюць авіяцыю МНС з дэсантаваннем ратавальнікаў-парашутыстаў. Для большага эфекту мерапрыемства пройдзе пры піратэхнічным суправаджэнні.
Падчас свята ахвотныя змогуць прымерыць баявую вопратку, паўдзельнічаць у перакульванні пакрышак, пераносе вогнетушыцеляў, транспарціроўцы пацярпелых. Усе гэтыя выпрабаванні пройдуць у дыхальных апаратах са сціснутым паветрам. Для юных гасцей будзе арганізавана дзіцячая пляцоўка "Чароўная кніга МНС" з рознымі актыўнасцямі. Выстава тэхнікі і абсталявання будзе ўключаць як сучасныя, так і старыя транспартныя сродкі, якімі карысталіся ратавальнікі, у тым ліку конна-бочачны павоз.
Акрамя таго, у праграме запланаваны правядзенне спартыўна-масавых, забаўляльных гульняў, конкурсы для дзяцей і дарослых. На свята запрошаны прадстаўнік Беларускай федэрацыі сілавога экстрыму Яўгеній Шаўчэнка, які паспрабуе працягнуць пажарную машыну вагой 7 т. "Усяго ў мерапрыемстве задзейнічаюць 16 адзінак тэхнікі, будзе працаваць палявая кухня. Спадзяёмся, што надвор'е не падвядзе, але, зыходзячы з яго, у праграме могуць адбыцца карэкціроўкі", - растлумачыла Марына Фандо.
165 гадоў таму, 25 ліпеня 1853 года, Мінская гарадская дума і губернскае праўленне разгледзелі пытанне "Аб новым уладкаванні ў Мінску пажарнай каманды і зацвярджэнні штата а该". Паколькі менавіта з гэтага часу арганізацыя пажарнай справы канчаткова была пастаўлена на дзяржаўны ўзровень, гэты дзень быў прыняты за пачатак стварэння пажарнай службы ў краіне.