Мары кожнага дзіцяці напярэдадні Новага года павінны збывацца - Мікалай Шарснёў

Напярэдадні зімовых святаў трэба дапамагчы ўвасобіць мары кожнага дзіцяці, заявіў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на дабрачынным свяце для дзяцей у Віцебску.


"Акцыя "Нашы дзеці" - вельмі правільная і патрэбная. Кожны год мы працуем над тым, каб ніводнае дзіця не засталося абдзеленым у гэтыя дні. Дзеці чакаюць казкі, падарункаў і асаблівага навагодняга настрою. Ніхто ў гэты час не павінен застацца без цяпла і клопату. Гэта наша задача - дайсці да кожнай сям'і, якая мае патрэбу ў падтрымцы, надаць дзецям увагу і дапамагчы ўвасобіць іх мары", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.

Ён адзначыў, што органы ўлады надаюць важнае значэнне развіццю ўстаноў адукацыі. "У вобласці шмат робіцца для таго, каб дзіцячыя садкі былі добраўпарадкаванымі і ўтульнымі, школы - сучаснымі і камфортнымі", - дадаў губернатар. У 2020 годзе гэтая праца будзе працягнута. У прыватнасці, плануецца павялічыць аб'ёмы будаўніцтва дзіцячых садкоў, а таксама бягучага і капітальнага рамонту дашкольных устаноў. Вырасце аб'ём фінансавання школ.

"У перадсвяточныя дні аб лічбах не прынята гаварыць, але штогод у Віцебскай вобласці сума выдаткаў у бюджэце на сацыяльныя пытанні павялічваецца", - падкрэсліў губернатар.

Значнае паляпшэнне сітуацыі чакаецца ў 2020 годзе і ў эканоміцы рэгіёну. "Наступны год, мы бачым па кантрактах і намечаных дамовах, павінен скласціся значна лепш і ў нафтахімічным комплексе, і ў прамысловасці. У нас амбіцыйныя планы ў сферы інвестыцыйных праектаў, дрэваапрацоўцы. Мы ўвядзем завод белай бляшанкі ў Міёрах, дзейнасць якога істотна адзаначаецца на эканоміцы вобласці ў лепшы бок. Спадзяемся, што і ў сельскай гаспадарцы ўмовы надвор'я складуцца так, каб аграрыі змаглі яшчэ лепш спрацаваць", - заключыў Мікалай Шарстнёў.

У Віцебску губернатарская ёлка сабрала сёння 950 дзяцей з усіх гарадоў і раёнаў вобласці. Удзельнікамі дабрачыннага свята ў канцэртнай зале "Віцебск" сталі рабяты ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, якія сталі пераможцамі і лаўрэатамі розных алімпіяд, творчых і спартыўных спаборніцтваў, актывісты, дзеці з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, якія засталіся без апекі бацькоў, сіроты. Віншуючы дзяцей са святам, Мікалай Шэрстнёў пажадаў ім выканання жаданняў, новых дасягненняў і поспехаў.

Абласное свята стала часткай навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", якая стартавала ў Беларусі 9 снежня і працягнецца па 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць пад патранатам кіраўніка дзяржавы. У час акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апекунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць рабят з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем. Да дабрачыннай акцыі далучыліся грамадскія аб'яднанні.

БЕЛТА. Фота газеты "Віцьбічы".