Мэдалі да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі ўручаны больш чым 30 вэтэранам у Віцебску
1 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Юбілейныя медалі "65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" і ганаровыя граматы Віцебскага аблвыканкама за значны ўклад у развіццё ветэранскага руху і патрыятычнае выхаванне моладзі ўручаны сёння ў Віцебску больш чым 30 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На ўрачыстым мерапрыемстве салдат-вызваліцеляў павіншаваў з наступаючым святам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Уручаючы ўзнагароды, ён падкрэсліў, што ветэраны - гэта гонар і доблесць краіны, узор для пераймання ўсімі пакаленнямі. "Дзякуючы вашаму подзвігу мы жывём у мірнай квітнеючай краіне, дабіваемся поспехаў у розных сферах", - сказаў кіраўнік вобласці.
Клопат аб удзельніках вайны з'яўляецца неад'емнай часткай жыцця грамадства, дадаў Аляксандр Косінец. У Віцебскай вобласці з нагоды Дня Незалежнасці на аказанне матэрыяльнай дапамогі ветэранам было накіравана Br1,5 млрд. Пры гэтым значная праца па стварэнні для іх камфортных умоў праводзіцца пастаянна. Такая ўсеабдымная ўвага будзе ўдзяляцца ветэранам і надалей, падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Урачысты прыём у аблвыканкаме стаў завяршальным этапам уручэння ветэранам Віцебшчыны юбілейных узнагарод. Раней такія цырымоніі былі праведзены ва ўсіх гарадах і раёнах вобласці.
У Віцебскай вобласці пражывае каля 6 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 1,4 тыс. інвалідаў вайны, 1,2 тыс. працаўнікоў тылу, 149 жыхароў блакаднага Ленінграда, 8,4 тыс. былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў.