Мядовы Спас адзначаць пчаляры Віцебскай вобласці
Медовы Спас, які адзначаецца сёння, шануецца не толькі пчалярамі (19 жніўня – яблычны, 29 жніўня – хлебны або арэхавы). Народныя назвы гэтых праваслаўных святаў здаўна звязаны з сезоннымі сельскагаспадарчымі працамі. Да Мядовага Спаса соты ў вуллях не толькі напоўнены да адказу, але і цалкам запячатаны. Гэта пацвярджэнне таго, што мёд саспеў і пчалярам пара прыступаць да збору. З гэтай нагоды ёсць нават народная прымаўка: прыйшоў Мядовы Спас – гатуй мёд пра запас!
Яшчэ ў старажытныя часы лічылі, што жыццё без мёду – гэта жыццё, пазбаўленае многіх радасцяў. У старадаўніх крыніцах мёд апісаны як «сок ад начной расы, той, што пчолы збіраюць з кветак пахучай». Лічылі, што ён валодае асаблівай сілай і прыдатны для лячэння многіх хвароб. Хмяльны мёд пілі на пірах, на аснове гэтага прадукту выраблялася мноства выдатных безалкагольных напояў, пернікаў і іншых прысмакаў.
Мёд – адзін з самых пажыўных сярод посных прадуктаў. Сарты яго адрозніваюць па тым, з якіх раслін быў сабраны нектар. Для нашага рэгіёну найбольш характэрны тры гатункі: ліпавы, грэцкі і кветкавы. Ліпавы мёд – сабраны з кветак ліпы, светлы, амаль белы. Грэцкі – з кветак грэчкі, цёмны, ледзь зяленаваты. Кветкавы – з розных палявых кветак, бурштынава-залаты, які адрозніваецца незвычайным водарам.
Усім вядома, што мёд – крыніца здароўя. Саспелы з'яўляецца асновай сотняў відаў лекаў. Яшчэ рымскі лекар Гален, які жыў у II ст. н. э., лічыў, што для аздараўлення і выратавання ад хвароб няма нічога карысней мёду. А ў рукапісах Старажытнага Усходу сустракаюцца звесткі, што мёд нейтралізуе многія харчовыя таксіны.
Лячэбныя ўласцівасці мёду відавочныя, яны абумоўлены яго хімічным складам: вітамінамі групы В, К, магніем, каліем, фосфарам, жалезам, ёдам, марганцам і цынгам. А суадносіны макра-, мікра- і ўльтраэлементаў у свежым мёдзе адпавядаюць сыроватцы чалавечай крыві. Таму мёд так лёгка засвойваецца. Вучоныя, якія вывучаюць склад розных гатункаў, сцвярджаюць, што ў мёдзе захоўваюцца ўсе лячэбныя ўласцівасці тых раслін, з якіх ён сабраны пчалой. Таму любому чалавеку для ўмацавання агульнага стану здароўя не зашкодзяць 4-6 чайных лыжак мёду на суткі: ён дапаможа хутка аднавіць сілы, супакоіць падарваную нервовую сістэму і ўмацуе сардэчную мышцу.
На Віцебшчыне ўжо стала традыцыяй у Мядовы Спас праводзіць выставы-кірмашы разнастайнай прадукцыі мясцовых пчаляроў. У абласным цэнтры свята пачнецца з абраду асвячэння мёду новага ўраджаю і будзе праходзіць насупраць гарадской ратушы і на вуліцы Суворава. Тут можна будзе не толькі набыць карысны, экалагічна чысты прадукт, але і пракансультавацца ў спецыялістаў па яго ўжыванні. Па выніках дэгустацыі будзе вызначаны пераможца ў конкурсе на лепшы мёд, члены журы вызначаць гаспадара-пчаляра, які найбольш арыгінальна аформіў сваё гандлёвае месца, а таксама самага актыўнага ўдзельніка свята. Выстава-кірмаш працягнецца ў Віцебску да 20 жніўня.
Упершыню ў Полацку сёння ў рамках экафесту «Мядовы Спас у Полацку-2014» для ўсіх жадаючых адкрые свае дзверы Акадэмія пчалярскага майстэрства. Майстар-класы пад адкрытым небам правядуць лепшыя пчаляры, па выніках мінулага мядовага свята адзначаныя дыпломамі за шматгадовую добрасумленную працу. Кожны жадаючы зможа атрымаць кансультацыю па правільным утрыманні пчол, выкарыстанні мёду і мядовай прадукцыі ў лячэбных мэтах на ўроках «Асновы пчалярства» і «Здароўе». У рамках акцыі барацьбы з прывозным не якасным прадуктам будзе праведзены конкурс-дэгустацыя «Кантрольная закупка мёду» і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў, якія папулярызуюць працу пчаляра.
Карысна ведаць:
– 100 грамаў мёду ўтрымліваюць 330 калорый, а сто грамаў цукру – 390. Але мёд у большай ступені, чым цукар, падыходзіць нашаму арганізму ў якасці крыніцы энергіі.
– У гарачым гарбаце мёд губляе большую частку лячэбных уласцівасцей, бо пры 50-60 градусах разбураюцца ферменты і вітаміны. Класці мёд у кіпяток ні ў якім разе нельга! Калі мёд пракіпяціць, застануцца толькі вада, глюкоза і цукар. А вось пры тэмпературы да 40 градусаў ён захоўвае ўсе гаючыя ўласцівасці.
Артур Мацеюн, "Віцебскія весці"