Меліяратары Віцебскай вобласці ачысцілі ад снегу амаль 170 гідралагічных збудаванняў
15 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Меліярацыйныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці падчас падрыхтоўкі да прапускання вясенняй паводкі ачысцілі ад снегу амаль 170 гідратэхнічных збудаванняў, больш за 50 з якіх размешчаны на сажалках і вадасховішчах. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара КУП "Віцебскмеліяводгас" Анатоль Божка.
На патэнцыйна небяспечных у паводкавых адносінах гідратэхнічных збудаваннях створаны аварыйны запас матэрыялаў, у тым ліку больш за 4,5 тыс. куб.м пясчана-жвіровай сумесі і шчэбню, каля 2 тыс. мяшкоў, а таксама звыш 750 адзінак інструмента. На водасцёкавых збудаваннях, якія ўяўляюць небяспеку з пункту гледжання праходжання паводкавых вод, працягваецца сколка лёду, ачыстка ад снегу і інш.
Для каардынацыі работы па падрыхтоўцы да прапускання паводкавых вод і прыняцця аператыўных мер непасрэдна ў перыяд паводкі створана аператыўная група і замацаваны за раёнамі адказныя кіраўнікі "Віцебскмеліяводгаса". Акрамя таго, у перыяд праходжання паводкі будзе ўстаноўлена дзяжурства па прадпрыемстве. На меліярацыйных прадпрыемствах у раёнах створаны аварыйныя брыгады, укамплектаваныя неабходнай тэхнікай і матэрыяламі. З кіраўнікамі праведзена вучоба па падрыхтоўцы меліярацыйных сістэм, гідратэхнічных збудаванняў, сажалак і вадасховішчаў да безаварыйнага прапускання вясенняй паводкі.
У 2009 годзе меліяратары вобласці выканалі рамонт адкрытай меліярацыйнай сеткі працягласцю 428 км, зрабілі бягучую ачыстку каналаў ад заілення на 856 км, адрамантавалі 290 пераездных і водападпорных збудаванняў, а таксама 97 км дамбаў і дарог.
Усяго ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці знаходзіцца 96 сажалак і вадасховішчаў, пабудаваных у складзе праектаў меліярацыі, а таксама больш за 13 тыс. пераездных і водападпорных збудаванняў на адкрытай меліярацыйнай сетцы, 626 мастоў і звыш 12 тыс. труб-пераездаў.-0-