Мемарыял на плошчы Перамогі ў Віцебску ўпершыню за 35 гадоў будзе адрэстаўраваны

1 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў у Віцебску ўпершыню за 35 гадоў будзе адрэстаўраваны да святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Шэрыкаў. Рэканструкцыя гісторыка-мемарыяльнай часткі плошчы Перамогі ўжо пачалася ў абласным цэнтры. Як падкрэсліў Дзмітрый Шэрыкаў, распрацоўшчыкі праекта беражліва падышлі да захавання аднаго з найцікавейшых мемарыяльных ансамбляў Беларусі, створанага архітэктарам Ю.Шпітам, скульптарамі Я.Печкіным і У.Маркавым, таму ніякіх кардынальных змен у гэтай частцы плошчы не будзе. Асфальтавае пакрыццё ля галоўнага манумента будзе заменена пліткай, таксама будуць адрамантаваны лесвіцы, басейны двух фантанаў і 10 пілонаў будуць пакрыты гранітам. Рэстаўрацыі падвергнуцца і тры 56-метровыя трапецападобныя пілоны-абеліскі і падыум-зорка, у цэнтры якога гарыць Вечны агонь. Усе работы плануецца завяршыць да 1 мая бягучага года. На экспертызе таксама знаходзіцца праект стварэння парку Пераможцаў, які будзе апраўляць ансамбль плошчы. У 2009 годзе рэканструкцыя была праведзена ў гандлёва-забаўляльнай частцы плошчы. Плошча Перамогі ў Віцебску з'яўляецца самай вялікай у Беларусі і адной з найбуйнейшых у Еўропе, яе памер складае звыш 72 тыс. кв.м. У плане яна мае прамавугольную форму, з трох бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, чацвёрты бок выходзіць да ракі Заходняя Дзвіна. Архітэктурнай дамінантай плошчы з'яўляецца мемарыяльны комплекс, размешчаны ніжэй агульнага ўзроўню плошчы. Да манумента спускаюцца 14 прыступак і пракладзена дарога паміж двума доўгімі басейнамі з фантанамі, якія сімвалізуюць скорбныя слёзы па загінуўшых. З іх знешняга боку пастаўлена па пяць прамавугольных пілонаў, на кожным з якіх пазначаны па адным годзе Вялікай Айчыннай вайны. Над ракой па цэнтральнай восі мемарыяла ўзвышаецца галоўны манумент у гонар воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, якія вызвалялі Віцебскую вобласць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сам манумент - гэта тры трапецападобныя пілоны-абеліскі, рэзка звужаныя ўверсе і аб'яднаныя на вышыні шасці метраў трохгранным маналітным фрызам, на гранях якога рэльефы "Воіны", "Партызаны", "Падпольшчыкі". У сярэдзіне пілоны-абеліскі злучаны кальцом. На ім зроблена надпіс "Слава героям". Унізе на невысокім падыуме ў форме зоркі гарыць Вечны агонь. Да Заходняй Дзвіны ад манумента спускаюцца тры лесвіцы. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебскай вобласці быў створаны ў 1974 годзе. -0-