Мемарыяльную дошку Герою Савецкага Саюза Сямёну Пустацельнікаву адкрылі на будынку школы ў Воршы
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Віктар Калачоў, начальнікі аддзелаў па ідэалагічнай рабоце пагранічнага атрада г. Смаргоні і пагранічнай заставы Лынтупы Андрэй Захараў і Мікіта Лебедзеў, а таксама прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі Аршанскага райвыканкама, грамадскага аб'яднання ветэранаў, духавенства, школьнікі і іх бацькі.
Сямён Пустэльнікаў – наш зямляк. Ён нарадзіўся 10 лютага 1921 года ў в. Свісцёлкі. У 1938 г. скончыў 7 класаў СШ № 5 г. Оршы. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у пагранічных войсках Чырвонай арміі. У 1945 годзе ў адным з баёў разгадаў спробу дыверсантаў, якія адступалі, схавацца ў лесе. Верна ацаніўшы іх становішча, ён ускочыў на каня і памчаўся наперарэз праціўніку, які быў ужо за некалькі метраў ад лесу. Сямён вырашыў затрымаць бандытаў да прыходу подмацавання. На ўскрайку лесу Пустэльнікаў абышоў ворага і ўступіў у бой з 25 праціўнікамі. Будучы цяжка параненым, бясстрашны воін апошняй гранатай падарваў сябе і гітлераўскіх наймітаў, якія наблізіліся да яго.
– Дзякуючы такім героям Вялікай Айчыннай вайны, усім, хто ўстаў на абарону Радзімы, змагаўся з нямецкімі акупантамі, не шкадуючы свайго жыцця, сёння мы жывем у свабоднай краіне, пад мірным небам, маем магчымасць вучыцца, працаваць, выхоўваць дзяцей, – звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу Віктар Калачоў.
Ён таксама адзначыў працу педагагічнага калектыву і вучняў СШ № 5 па ўвекавечанні памяці Героя Савецкага Саюза, асабліва ў Год гістарычнай памяці. З 1960 года піянерская дружына школы носіць імя Сямёна Пустэльнікава. У 1981 годзе ва ўстанове адукацыі быў адкрыты музей. На гістарычных матэрыялах, сабраных у музеі, выхоўваецца не адно пакаленне аршанскіх школьнікаў.
Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку было прадастаўлена гасцям мерапрыемства і дырэктару СШ № 5 Наталлі Войцехавіч. Вучні запалілі свечкі памяці аб загінулым. Слова для ўшанавання па праваслаўным звычаі было прадастаўлена іерэю храма-капліцы Спірыдона Трыміфунцкага Дзмітрыю Савушкіну. У знак пераемнасці пакаленняў вучні школы падрыхтавалі нумары мастацкай самадзейнасці. Узорны харэаграфічны ансамбль «Весялушкі» выканаў танец «Маладая Беларусь». Затым адбылося ўскладанне кветак да мемарыяльнай дошкі.
Адзначым, што на будынку школы таксама знаходзіцца мемарыяльная дошка ў гонар выпускніка школы – героя Афганскай вайны, узнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі, Ігара Рыжанкова.