Мемарыяльную дошку ў памяць пра воіна-інтэрнацыяналіста Сцяпана Млявога адкрылі ў Чашніках
Месца было выбрана невыпадкова: Сцяпан Пятровіч – выпускнік гэтай установы адукацыі (тады СШ №2). Пасля заканчэння школы ён працаваў на будаўніцтве Лукомльскай ДРЭС, а ў 1971 годзе здаў экстэрнам экзамены за поўны курс сярэдняга ваеннага вучылішча штурманаў пры Чалябінскім вышэйшым ваенным авіяцыйным вучылішчы штурманаў. З таго часу яго жыццё было звязана з воінскай службай.
У Афганістане Сцяпан Млявы са снежня 1984-га быў штурманам атрада верталётаў Мі-6. Менш чым за паўгода здзейсніў амаль 120 вылетаў, перавозіў боепрыпасы, паліва, прадукты харчавання, высаджваў дэсант у зададзеных раёнах.
Загінуў, калі афганскі самалёт, які спрабаваў прызямліцца на ўзлётную паласу аэрадрома горада Пулі-Хумры, не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў верталёт капітана Млявога. Сцяпан Пятровіч пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга.
Як праінфармаваў старшыня райвыканкама Леанід Пляшко, на Чашніччыне з 115 воінаў-інтэрнацыяналістаў шасцёра не вярнуліся дадому. Усталяваная мемарыяльная дошка – гэта знак памяці цэламу пакаленню людзей, якія з гонарам выконвалі свой абавязак перад Радзімай, абаранялі яе ва ўсіх узброеных канфліктах і засталіся ўзорам мужнасці для нашчадкаў.
Асабліва кранутыя падзеяй былі сваякі Сцяпана Млявога. Яго сын Андрэй, таксама вайсковец, расказаў, што боль ад страты бацькі не сціхае дагэтуль. Для яго і яго сям'і адкрыццё мемарыяльнай дошкі азначае не толькі ўвекавечанне імя роднага чалавека, але і даніну памяці ўсім, хто загінуў пры выкананні воінскага абавязку.
– Хацеў бы падзякаваць усім неабыякавым людзям, якія аказалі пасільную дапамогу, у тым ліку прадстаўнікам мясцовай улады, грамадскіх аб'яднанняў, адміністрацыі Чашніцкай гімназіі, – адзначыў Андрэй Млявы.
Па завяршэнні ўрачыстай цырымоніі ў гімназіі прайшоў урок мужнасці, дзе воіны-інтэрнацыяналісты падзяліліся са школьнікамі сваімі ўспамінамі і выказалі пажаданне, каб падрастаючае пакаленне расло пад мірным небам.