Мемарыяльную дошку ў гонар Героя Савецкага Саюза Мікалая Ласкунова адкрылі ў сярэдняй школе Шумілінскага раёна




Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў удзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Ён адзначыў, што ўраджэнец Шуміліншчыны загінуў, калі Савецкім Саюзам быў павержаны фашызм, і краіна, выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, вяла баі на Далёкім Усходзе з японцамі. Свой подзвіг намеснік начальніка аператыўнага аддзела 15-й арміі здзейсніў 11 жніўня 1945 года. Падпалкоўнік Ласкуноў павінен быў даставіць баявы загад у злучэнне, якое змагалася за кітайскі горад Фуцзінь. Пры пасадцы самалёт сувязі падбілі, Мікалай Аляксеевіч атрымаў цяжкае раненне. Але, сцякаючы крывёй, здолеў дабрацца да штаба дывізіі і нароўні з загадам перадаць камандзіру злучэння дадатковыя звесткі, якія палегчылі задачу па авалоданні Фуцзіньскім умацаваннем праціўніка. Мікалай Ласкуноў памёр у той жа дзень ад ран і быў пахаваны ў Кітаі.

Праўнучаты пляменнік Героя Віктар Бабічаў прызнаўся, што з юнацтва ганарыўся сваяком і падзякаваў усім, хто датычны да захавання памяці пра яго.

Мемарыяльная дошка ўстаноўлена пры падтрымцы Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру.
Старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Туманава адзначыла вялікую краязнаўчую працу вучняў і педагогаў школы і нагадала, што гістарычная памяць развівае станоўчыя якасці ў чалавеку, дапамагаючы плённа працаваць на карысць нашай краіны.

Уладзімір Церанцьеў сустрэўся са старэйшакласнікамі Нікіціхінскай СШ у рамках дыялогавай пляцоўкі «Гістарычная памяць – сувязь часоў і пакаленняў». Робячы кароткі экскурс у гісторыю, кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны нагадаў, што вытокі беларускай дзяржаўнасці бяруць пачатак больш за тысячу гадоў таму ў Полацку. У сучасных межах Беларусь існуе дзякуючы падзеям 1939 года, калі былі ўз'яднаны яе ўсходняя і заходняя часткі. Уладзімір Церанцьеў заклікаў моладзь цікавіцца гісторыяй сваёй сям'і і збіраць як мага больш звестак у сваіх бабуль, дзядуляў, бацькоў. Таму што ў кожным родзе ёсць кім і чым ганарыцца.
