У Віцебскай ветэрынарнай акадэміі адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Уладзіміра Мядзведскага

У Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Мядзведскага (1957 – 2021 гг.).

Сярод яго шматлікіх вучняў – старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Уладзімір Мядзведскі нарадзіўся ў вёсцы Адамоўка Чашніцкага раёна. Пасля службы ў арміі скончыў тады яшчэ Віцебскі ветэрынарны інстытут, і ўся яго далейшая біяграфія была звязана з альма-матэр. На працягу 23 гадоў Уладзімір Аляксандравіч узначальваў кафедру гігіены жывёл. Ім створана навуковая школа «Заагігіеніст». Пад кіраўніцтвам прафесара выкананы і абаронены тры доктарскія і 14 кандыдацкіх дысертацый. Апублікавана звыш 500 работ, у тым ліку 26 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

 

 

Па словах рэктара акадэміі Мікалая Гаўрычэнкі, Уладзімір Аляксандравіч умеў стварыць каманду і аказваў значны ўплыў на развіццё навуковай і навучальнай дзейнасці далёка за межамі ВНУ.

На ўрачыстым адкрыцці мемарыяльнай дошкі Аляксандр Субоцін адзначыў, што Уладзімір Мядзведскі заўсёды паступаў па сумленні, падстаўляў плячо і дапамагаў, нават калі да яго звярталіся з асабістымі пытаннямі і праблемамі. Кіраўнік вобласці пажадаў вучням працягваць і развіваць справу настаўніка.

 

 

Прывітальнае слова даслаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло. Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што яго светапогляд, прафесійныя і чалавечыя якасці фарміраваліся ў тым ліку пад уплывам асабістых зносін і сумеснай працы з прафесарам Мядзведскім.

"Віцебскія весці"