Мемарыяльныя знакі воінам-афганцам у 2013 годзе ўсталююць у трох райцэнтрах Віцебскай вобласці
Мемарыяльныя знакі ў памяць пра подзвіг воінаў-інтэрнацыяналістаў у 2013 годзе ўсталююць у трох райцэнтрах Віцебскай вобласці – Бешанковічах, Дубровне і Сенне. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Віцебскага абласнога савета грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" Валерый Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў Віцебску адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 20-годдзю ветэранскай арганізацыі.
"Захаванне памяці пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, падзеі Афганскай вайны – адна з галоўных задач грамадскага аб'яднання, – падкрэсліў Валерый Мацкевіч. – Устаноўка мемарыяльных знакаў – гэта даніна памяці загінулым воінам. Акцыя мае важнае патрыятычнае гучанне, бо ў цырымоніях прымае ўдзел насельніцтва райцэнтраў, у тым ліку школьнікі, моладзь". Паводле яго слоў, да 25-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана ў кожным раёне Віцебскай вобласці будзе ўстаноўлены такі мемарыяльны знак.
Ветэраны вайны ў Афганістане актыўна займаюцца ваенна-патрыятычным выхаваннем моладзі. "Працуем у цесным кантакце з Саветам ветэранаў вайны і працы – пераймаем вопыт", – адзначыў Валерый Мацкевіч.
Для грамадскай арганізацыі актуальнымі застаюцца і пытанні сацыяльнай падтрымкі воінаў-інтэрнацыяналістаў, удаў і маці загінулых воінаў. Гэтая праца будзе мець адрасны характар. У першую чаргу дапамога будзе аказана інвалідам вайны ў Афганістане (іх 25 чалавек) і маці загінулых воінаў.
У Віцебскай вобласці пражываюць каля 5 тыс. удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. З іх 1,9 тыс. чалавек – члены ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане". Падчас баявых дзеянняў у Афганістане загінулі 145 ураджэнцаў Віцебшчыны.