Мэмарыяльны комплекс пасля рэканструкцыі адкрылі ў Лёзне
У цырымоніі прынялі ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, кіраўніцтва Віцебскай вобласці і Лёзненскага раёна, а таксама Марына Фролава з Расіі. Па ініцыятыве гэтай жанчыны і на яе сродкі прайшлі неабходныя рамонтныя работы. На воінскіх пахаваннях каля мемарыяльнага комплексу пахаваны яе дзядзька Мікалай Лашкоў, які загінуў пры вызваленні Лёзненскага раёна.
"Лёзненскі раён стаў першым вызваленым рэгіёнам Віцебскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Лёзненцы асабліва выпрабавалі жахі акупацыі, тут дзевяць месяцаў стаяў фронт, пасля Вялікай Айчыннай вайны ў жывых засталося менш за палову жыхароў раёна. Сёння важна не толькі гаварыць аб гэтай трагічнай частцы нашай гісторыі, калі загінуў кожны трэці беларус, але і трэба здабываць з гэтага ўрокі, каб такое больш не паўтарылася", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён дадаў, што нашчадкі павінны шанаваць памяць аб загінуўшых і разумець, што перамога стала магчымай у той вайне дзякуючы адзінству народаў Савецкага Саюза. Воінскае пахаванне на Адаменскай горцы ў Лёзне ўзнікла ў 1943-1944 гадах.
Тут пахаваны звыш 800 савецкіх воінаў і партызан, больш за палову з іх было менш за 30 гадоў. У Лёзненскім раёне знаходзіцца 87 воінскіх пахаванняў - 83 з іх перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Спачываюць на іх больш за 32 тыс. чалавек. За 2018 год удалося ўсталяваць імёны звыш 500 байцоў. Усяго ў Віцебскай вобласці на больш чым 1,3 тыс. пахаваннях пахавана каля 406 тыс. чалавек, з іх больш за палову імёны невядомыя.
Расіянка Марына Фролава падзякавала ад імя сваёй сям'і неабыякавых жыхароў Лёзненскага раёна, педагогаў, якія
дзесяцігоддзямі захоўваюць памяць пра загінулых воінаў, а таксама пошукавікаў за іх працу. "У Беларусі як нідзе захоўваюць памяць пра салдат Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаюць знайсці людзям з іншых краін сваіх загінулых сваякоў. Мы ўжо тры гады наведваем пахаванні ў Лёзненскім раёне, і трапяткое стаўленне людзей да сваёй гісторыі прымусіла мяне да ўдзелу ў рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу", - адзначыла яна.
У Лёзне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення Лёзненскага раёна. У мясцовым райвыканкаме адбыўся прыём удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, жыхаркі блакаднага Ленінграда і тых, хто дапамог рэканструяваць мемарыяльны комплекс. На працягу дня ў райцэнтры будуць працаваць выставы, падворкі, пляцоўкі з забавамі. Увечары для гасцей і жыхароў Лёзна пройдзе святочны канцэрт і салют.