Мемарыяльны знак "Баявая машына дэсанту" адкрываецца ў Талачыне

У Талачыне сёння адкрываецца мемарыяльны знак "Баявая машына дэсанту", паведаміў старшыня Талачынскага раённага Савета дэпутатаў Георгій Мурашка, які з'яўляецца галоўным ініцыятарам гэтай падзеі.

У Талачыне сёння адкрываецца мемарыяльны знак "Баявая машына дэсанту", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Талачынскага раённага Савета дэпутатаў Георгій Мурашка, які з'яўляецца галоўным ініцыятарам гэтай падзеі.

"Сумесна з раённай арганізацыяй воінаў-інтэрнацыяналістаў і грамадскім аб'яднаннем "Беларускі саюз афіцэраў" мы звярнуліся ў Міністэрства абароны з просьбай аб садзейнічанні. І яно бязвыплатна выдзеліла для нашага раёна БМД як своеасаблівы сімвал той вайны", - растлумачыў Георгій Мурашка.

Пустая завараная машына ўстаноўлена на пастамент каля памятнага знака воінам-афганцам на ўездзе ў Талачын з боку Мінска па трасе Р19. У вырабе пастамента дапамагалі арганізацыі і прадпрыемствы раёна. У наступным годзе плануецца добраўпарадкаванне тэрыторыі атрыманага мемарыяльнага комплексу.

Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага знака прымеркавана да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама да Дня прызыўніка, які ў раёне праводзіцца два разы на год. Таму на акцыю запрошаны не толькі воіны-афганцы, якіх у раёне сёння 57, але і прызыўнікі, а таксама навучэнская моладзь, грамадскія арганізацыі.

Таксама памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам адкрываецца 7 лістапада ў аграгарадку Кастрычніцкі Віцебскага раёна. Гэта мерапрыемства прымеркавана да святкавання 50-годдзя ўтварэння населенага пункта.

Кацярына Князева