Мэр Наваполацка: удзел у выбарах – яшчэ адна магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю
17 верасня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Удзел у выбарах – гэта яшчэ адна магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Такую думку ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала старшыня Наваполацкага гарвыканкама Наталля Качанава.
"Мне незразумелая пазіцыя тых, хто заклікае байкатаваць выбары ці не збіраецца прыняць у іх удзел. Для сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны такая пазіцыя непрымальная", – пераканана Наталля Качанава.
Кожны грамадзянін Беларусі мае права свабодна выказаць сваю кропку гледжання, і не толькі падчас выбарчай кампаніі. Нельга забываць аб рабоце, якую ўлада вядзе са зваротамі грамадзян, падкрэсліла старшыня гарвыканкама. "Чалавек можа выказаць сваю кропку гледжання і на прыёме грамадзян у гарвыканкаме ці ў высокапастаўленага чыноўніка са сталіцы, і на прамой тэлефоннай лініі са спецыялістамі тых ці іншых аддзелаў выканкамаў, і ў рэдакцыі газеты, і ніводная канструктыўная прапанова не застанецца без увагі", – дадала яна.
Прыйсці на выбарчы ўчастак – абавязак грамадзяніна. "Трэба шанаваць тое, што зроблена ў нашай краіне, і ганарыцца ёю. Калі любіш сваю сям'ю, свой горад, сваю краіну, то абавязкова зробіш правільны выбар", – лічыць Наталля Качанава.-0-