Старшыня Віцебска лічыць, што кіраўнікі прадпрыемстваў горада недаацэньваюць працу сваіх работнікаў
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін лічыць, што кіраўнікі прадпрыемстваў горада недаацэньваюць працу сваіх работнікаў. Такую заяву мэр зрабіў сёння на сесіі гарсавета, дзе абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця абласнога цэнтра ў 2012 годзе і праект прагнозных паказчыкаў на 2013 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярэдняя заработная плата ў лістападзе бягучага года ў Віцебску склала Br3968 тыс. І хоць у вобласці Віцебск саступае па ўзроўні сярэдняй заработнай платы толькі Наваполацку, аднак ён адстае па гэтым паказчыку ад іншых абласных цэнтраў Беларусі. Разам з тым Віцебск адзін з нямногіх гарадоў, дзе рост прадукцыйнасці працы апярэджвае рост узроўню заработнай платы. "Гэта сведчыць аб тым, што праца работнікаў недаацэньваецца", - лічыць мэр.
Старшыня гарвыканкама запатрабаваў ад дырэктарскага корпуса на працягу 1-га квартала 2013 года ліквідаваць дысбаланс і перагледзець падыходы да выплаты зарплаты з улікам росту прадукцыйнасці працы.
Па папярэдняй ацэнцы, сярэдняя заработная плата ў снежні 2012 года складзе па горадзе Br4350 тыс., за студзень-снежань - Br3533 тыс. У 2013 годзе сярэдняя заработная плата дасягне Br4622 тыс. Для таго, каб дамагчыся пастаўленага ўзроўню заработнай платы, прадпрыемствам Віцебска трэба будзе ў 2013 годзе нарошчваць вытворчасць прамысловай прадукцыі, давесці рэнтабельнасць продажаў у сярэднім па прамысловасці не менш чым да 13%, дамагчыся ўдзельнага выпуску інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці на ўзроўні 42%, прыцягнуць $37 млн. прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, амаль у паўтара раза павялічыць экспарт.