Ужо пачалася падрыхтоўка мэрыі Франкфурта-на-Одэры да юбілейнага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».

5 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Мэрыя нямецкага горада Франкфурт-на-Одэры - пабраціма Віцебска - ужо пачала падрыхтоўку да юбілейнага XX міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і абвясціла конкурс сярод школьнікаў і студэнтаў Віцебска на лепшы пераклад верша паэта і празаіка Генрыха фон Клейста, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Па папярэдняй дамоўленасці ў 2011 годзе на міжнародным фестывалі ўпершыню пройдуць Дні нямецкай культуры. Характэрна, што наступны год у Еўропе абвешчаны годам Генрыха фон Клейста - ураджэнца Франкфурта-на-Одэры, які тварыў у канцы XVIII - пачатку XIX стагоддзяў. Такім чынам, мэрыя горада-пабраціма вырашыла прыцягнуць увагу да творчасці свайго земляка, спрыяць развіццю супрацоўніцтва ў галіне культуры і адукацыі паміж Віцебскам і Франкфуртам-на-Одэры. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца старшакласнікі і студэнты, якія вывучаюць нямецкую мову. На іх творчае пераасэнсаванне прадстаўлены верш "An die Konigin Luise von Preussen", які неабходна перакласці на рускую мову. Узнагародай пераможцу стане пуцёўка ў міжнародны моладзевы лагер "Eurocamp" у Франкфурце-на-Одэры, а ўладальнікаў 2-га і 3-га месца чакаюць памятныя прызы. У ліпені бягучага года, у дні правядзення XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар", Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва і абласная бібліятэка ім. Леніна арганізуюць інфармацыйныя выставы, прысвечаныя жыццю і творчасці вялікага нямецкага пісьменніка Генрыха фон Клейста.-0-