Захады па ліквідацыі пажару на Аршанскім камбінаце былі зроблены своечасова і прафесійна - МНС
25 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Усе меры на Аршанскім мясакансервавым камбінаце пры ліквідацыі пажару былі прыняты своечасова і прафесійна. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіль Чакан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На прадпрыемстве своечасова былі прыняты меры па выратаванні людзей, якія апынуліся ў зоне задымлення, праведзена адпампоўка аміяку, абясточана памяшканне, аператыўна разгорнуты ліквідацыйны штаб з удзелам старшыні Аршанскага гарвыканкама і дырэктара камбіната, а на месцы здарэння максімальна хутка сканцэнтраваны сілы супрацоўнікаў МНС, пракуратуры, РАУС.
Васіль Чакан адзначыў, што ў сакавіку ў халадзільным цэху праводзіліся заняткі, падчас якіх адпрацоўваліся дзеянні супрацоўнікаў пры ўцечцы аміяку. Такім чынам, людзі былі навучаны, ведалі, як дзейнічаць пры надзвычайнай сітуацыі. "Загінулыя работнікі халадзільнага цэха праявілі гераізм, самастойна паспрабаваўшы ліквідаваць узгаранне з дапамогай першасных сродкаў пажаратушэння, але не ўлічылі пры гэтым смяротную небяспеку ўдыхання атрутных прадуктаў гарэння. Дакладную прычыну гібелі людзей яшчэ трэба будзе ўстанавіць", - падкрэсліў Васіль Чакан, дадаўшы, што магчымасць выратавацца ў іх была: за іх спіной знаходзіліся шляхі адыходу.
Мяркуемай прычынай пажару называлася парушэнне супрацьпажарных патрабаванняў пры правядзенні агнявых работ. Па факце здарэння пракуратурай Оршы ўзбуджана крымінальная справа па арт. 306 ч. 3 КК "Парушэнне правілаў аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб". "Аднак гэтая версія не пацвердзілася, таму справа хутчэй за ўсё будзе перакваліфікавана па выніках расследавання", - дадаў пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыска.
Пажар у галерэі халадзільнага цэха камбіната адбыўся 24 мая. У выніку чатыры работнікі прадпрыемства - трое мужчын і адна жанчына - загінулі. Асабовым складам падраздзяленняў МНС з прымяненнем звёнаў газадымаахоўнай службы выратаваны 9 чалавек і 14 эвакуяваны. У медыцынскай дапамозе ніхто з выратаваных не меў патрэбы. -0-