Месячнік па добраўпарадкаванні сельскіх дарог стартаваў у Віцебскай вобласці
21 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Месячнік сельскіх дарог стартаваў у Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага прадпрыемства "Віцебскаблдарбуд" Валерый Лапо.
На працягу жніўня-верасня дарожным будаўнікам трэба будзе прывесці ў парадак сельскія вуліцы, добраўпарадкаваць пад'езды да мехдвароў і збожжасушыльных комплексаў. Першымі да пачатку навучальнага года ў парадак будуць прыведзены дарогі да сельскіх школ, дадаў Валерый Лапо.
Паводле даных райвыканкамаў, на балансе ў сельгаспрадпрыемстваў знаходзіцца каля 6 тыс. км сельскіх вуліц. Акрамя таго, па словах суразмоўцы, ёсць вуліцы і дарогі, якія да гэтага часу не знаходзяцца на балансе ніводнага суб'екта гаспадарання. Цяпер дарожнікі абследуюць іх стан і складаюць каштарысы работ.
Як распавёў Валерый Лапо, на мясцовую дарожную гаспадарку ў бягучым годзе накіроўваецца больш за Br115 млрд, з якіх амаль Br56 млрд будзе асвоена на выкананні праграмы адраджэння і развіцця сяла. У адпаведнасці з праграмай у парадак будуць прыведзены 173 км праездаў у аграгарадках і пад'ездаў да іх, а таксама пад'езды ад аграгарадкоў да сельскіх населеных пунктаў. На балансе "Віцебскаблдарбуда" знаходзіцца звыш 3 тыс. аўтамабільных дарог, агульная працягласць якіх перавышае 15,5 тыс. км.-0-