Мясцовым органам улады варта надаваць больш увагі праблеме алкагалізацыі насельніцтва - Г.Дыска
20 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Мясцовым органам улады варта надаваць больш увагі праблеме алкагалізацыі насельніцтва. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско.
Паводле яго слоў, да абставін, якія спрыяюць здзяйсненню злачынстваў, адносяцца п'янства і алкагалізм, незанятасць асобных грамадзян грамадска карыснай працай, іх нізкі маральна-этычны ўзровень, недахопы ў дзейнасці суб'ектаў прафілактыкі па папярэджанні правапарушэнняў, у тым ліку ў рабоце з асобамі, якія вярнуліся з папраўчых устаноў і ЛПП, а таксама іншыя фактары. "Разам з тым асабліва негатыўны ўплыў на стан злачыннасці аказвае п'янства, паколькі 25,6% усіх злачынстваў у вобласці, паводле даных за студзень-чэрвень, здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап'янэння, а ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Віцебскім, Лепельскім раёнах, Полацку, Наваполацку іх удзельная вага дасягае больш за 30%", - падкрэсліў пракурор.
Аб празмерным ужыванні спіртных напояў жыхароў рэгіёна, на думку Генадзя Дыско, сведчаць і статыстычныя даныя аб продажы гарэлкі і пладова-ягадных він. Так, за першае паўгоддзе гандлёвымі арганізацыямі рэалізавана 690,1 тыс. дал гарэлкі, што складае 5,6 л на аднаго чалавека; 1,6 млн. дал пладова-ягадных він, або 13,4 л адпаведна. Акрамя ўплыву на крымінагенную абстаноўку, алкагалізацыя насельніцтва вядзе да росту колькасці асоб, якія загінулі ад атручвання спіртнымі напоямі, гібелі на пажарах.
"Такім чынам, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам неабходна прыняць дадатковыя арганізацыйныя меры, накіраваныя на прафілактыку п'янства і матывацыю людзей весці здаровы лад жыцця", - заключыў Генадзь Дыско.-0-