Мясцовым службам трэба цягам тыдня вырашаць усе пытанні, што паступілі на прамую лінію - Шарснёў
Найбольшы станоўчы эфект ад прамых ліній будзе ў тым выпадку, калі ўлада на працягу наступнага тыдня разабрэцца з кожным даручэннем. Такое меркаванне сёння выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў па выніках прамой лініі з жыхарамі рэгіёну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Настойліва ўсіх прашу працаваць аператыўна. Калі мы хочам атрымаць максімальны станоўчы эфект ад прамых ліній, то павінны на працягу наступнага тыдня разбірацца з кожным даручэннем. Лініі праводзяцца кожную суботу, і прыйдзе час, калі мы проста засыплемся даручэннямі і абяцаннямі", - сказаў губернатар, звяртаючыся да кіраўнікоў падраздзяленняў аблвыканкама і мясцовай вертыкалі.
Мікалай Шарснёў сёння правёў першую прамую лінію ў якасці губернатара Віцебскай вобласці. Тэлефонная размова з жыхарамі рэгіёну зацягнулася і замест запланаваных трох доўжылася тры з паловай гадзіны. На прамой лініі прынялі 36 званкоў. Губернатар не толькі асабіста пагутарыў з тымі, хто дазваніўся, але і пры неабходнасці падключаў да дыялогу старшынь райвыканкамаў (яны працавалі ў рэжыме відэаканферэнцсувязі), а таксама кіраўнікоў падраздзяленняў аблвыканкама, якія прысутнічалі на прамой лініі.
У асноўным да губернатара дазваніліся жыхары Віцебска. Падымаліся пытанні аздараўлення, медыцынскага абслугоўвання, дарожнага будаўніцтва і якасці дарог, транспартных зносін. Людзі казалі аб праблемах у сферы ЖКГ (капітальныя рамонты дамоў, парадак у пад'ездах, адсутнасць гарачай вады), прасілі разабрацца з праблемай невыплаты заробкаў, растлумачыць пытанні ўтрымання свіней на прыватных падворках, звярталіся за садзейнічаннем у вырашэнні зямельных спрэчак і г.д.
У кожную сітуацыю Мікалай Шарснёў унікаў дэталёва, даваў даручэнні адказным службам аб'ектыўна разабрацца з праблемай і знайсці прымальнае рашэнне. Зафіксавана больш за 21 тысячу спроб званка.
Алена Ціханава