Мясцовым Саветам трэба праяўляць больш ініцыятывы ў вырашэнні эканамічных пытанняў - Б.Батура

20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Раённым Саветам дэпутатаў трэба праяўляць больш ініцыятывы і адказнасці ў выкананні дзяржаўных праграм, у тым ліку праграмы развіцця малых гарадоў. Такі пункт гледжання сёння выказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Барыс Батура на 16-й сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

"Мясцовым органам улады трэба быць смелей у рэалізацыі праектаў. Рызыкуйце і вы, а не толькі ўрад", - эмацыйна дадаў Барыс Батура. На яго думку, пасялковыя і гарадскія Саветы не праяўляюць належнай ініцыятывы ў вырашэнні эканамічных пытанняў, мала клапоцяцца аб тым, каб ствараць у раёнах эфектыўныя вытворчасці, прыцягваць інвестараў. "Адна бяда паўсюль: раёны думаюць, што за іх гэта зробіць вобласць, рэспубліка. Дрэнна працуе прадпрыемства - давайце яго перадамо ў рэспубліканскую ўласнасць, замест таго, каб на месцы шукаць шляхі вываду яго з крызісу, у поўнай меры выкарыстоўваць сістэму дзяржаўных прэферэнцый", - сказаў спікер верхняй палаты беларускага парламента.

Старшыня Савета Рэспублікі падвергнуў крытыцы працу мясцовых органаў улады па рэалізацыі праграмы развіцця малых гарадоў у Віцебскай вобласці. Задача гэтай праграмы не зводзіцца да прыватных пытанняў па арганізацыі новых працоўных месцаў, вытворчасцей. Галоўнае - стварэнне нармальных умоў для пражывання насельніцтва ў гэтых гарадах і пасёлкамі, падкрэсліў ён, а для гэтага на месцах патрэбны практычныя рэальныя падыходы ў яе выкананні.

У Віцебскай вобласці 40 населеных пунктаў уключаны ў дзяржаўную комплексную праграму развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў. З пачатку яе рэалізацыі (з 2007 года) у малых гарадах створана 15,3 тыс. працоўных месцаў, узровень беспрацоўя скарочаны з 2,5% да 1,1% (на 1 кастрычніка 2009 года). У эканоміку гэтых населеных пунктаў інвеставана Br1,1 трлн., рэалізавана больш за 200 інвестпраектаў, створана каля 90 вытворчасцей. Разам з тым па выніках работы за першае паўгоддзе 2009 года ў 12 малых паселішчах не выкананы прагнозныя паказчыкі дзяржпраграмы, рост беспрацоўя адзначаны ў 20 населеных пунктах. З 10 найважнейшых праектаў, уключаных у дзяржаўную інвестыцыйную праграму, рэальна выкананы чатыры.-0-