Металаургічны завод у Міёрах пабудуюць расіяне
Тэндэр на будаўніцтва металургічнага завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Міёрах, Віцебскай вобласці, коштам 250 мільёнаў еўра за кошт замежнага інвестара, выйграла расійская кампанія «Металпром», якая мае досвед узвядзення падобных аб'ектаў у Егіпце, Алжыры і іншых краінах.
На наступным тыдні, як праінфармаваў генеральны дырэктар прадпрыемства, што будуецца, МППЗ «ГРУПП» Сяргей Чабуранаў, расіяне прымуць гатовую пляцоўку будучага прадпрыемства, на якой паспяхова праведзены ўсе вышукальныя работы і да якой пракладзены некаторыя неабходныя камунікацыі, у тым ліку асфальтаваная дарога. Прадпрыемства не толькі дасць да 500 працоўных месцаў для рэгіёну, але і палепшыць "сацыялку" самога райцэнтра: у жыллё, медыцыне, культуры.
Варта асабліва адзначыць падтрымку ў прыцягненні інвестара і стварэнні найбольш спрыяльных для яго ўмоў кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь. Так, згодна з Указамі Прэзідэнта, пад будучае прадпрыемства адводзілася не толькі зямля, звыш 40 гектараў, але і стварэнне аб'ектаў інфраструктуры за дзяржаўны кошт: дарогі шашэйная і чыгуначная, электрасеткі, прыродны газ. Толькі на апошні з бюджэту датавана 40 мільярдаў рублёў.
Міёрскі пракатны завод будзе даваць 240 тысяч тон прадукцыі ў год. Ён забяспечыць цалкам белай бляхай Глыбоцкі і Рагачоўскі малочна-кансервавыя камбінаты і іншыя прадпрыемствы Рэспублікі. Большая частка прадукцыі, звыш 80 працэнтаў, пойдзе на экспарт у краіны блізкага і далёкага замежжа.
Уладзімір Сауліч, "СБ".