Межакадэмічнаму савету неабходна надаць статус эксперта праектаў саюзных праграм - Ю.Дубінскі

15 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларуска-расійскаму межакадэмічнаму савету па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы неабходна надаць статус экспертнага савета па ацэнцы саюзных праграм. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў намеснік дзяржаўнага сакратара - член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Юрый Дубінскі. Ён прымае ўдзел у пасяджэнні межакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы, якое сёння адкрылася ў Віцебску. Ва ўмовах развіцця адзінай эканамічнай прасторы ўзнікае шмат пытанняў, вырашэнне якіх патрабуе не толькі гаспадарчых разлікаў, але і сур'ёзных навуковых падыходаў. На думку суразмоўцы, назрэла неабходнасць распрацоўкі навуковай ацэнкі праектаў саюзных праграм. "Механізм выдзялення фінансавых сродкаў на рэалізацыю праектаў адпрацаваны, а вось механізм прыняцця рашэння аб зместаў праекта не выпрацаваны", - сказаў ён. Даць экспертную ацэнку і вызначыць мэтазгоднасць рэалізацыі праектаў на практыцы як раз і можа межакадэмічны савет. На гэтым этапе ацэнку ажыццяўляюць чыноўнікі. "Роля навукі павялічваецца, і не толькі ў вырашэнні канкрэтных праблем, але і ў ацэнцы магчымых сродкаў вырашэння, дзеянняў, якія ажыццяўляюць чыноўнікі і вытворцы", - упэўнены Юрый Дубінскі. Межакадэмічны савет можа быць акрэдытаваны як грамадская арганізацыя, надзеленая паўнамоцтвамі выдаваць экспертныя заключэнні. Выдаткаў на гэта не запатрабуецца, бо сродкі выдзяляюцца ў саміх праграмах. Гаворка ідзе не пра прынцыповую змену падыходаў, а пра іх удасканаленне ў сувязі з далейшым паглыбленнем інтэграцыі, падкрэсліў Юрый Дубінскі.-0-