Міжнароднае біенале акварэлі "Вада + фарба" у трэці раз пройдзе ў Полацку

7 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Міжнароднае біенале акварэлі "Вада + фарба" у трэці раз пройдзе ў Полацку з 3 чэрвеня па 7 жніўня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца філіяла "Мастацкая галерэя" Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ларыса Лысенка. Музей-запаведнік і Саюз мастакоў Беларусі з'яўляюцца арганізатарамі гэтага праекта. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца акварэлісты, мастацтвазнаўцы, арт-крытыкі з суседніх дзяржаў - Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны. Заяўкі на ўдзел будуць прымацца да 1 красавіка. Па словах Ларысы Лысенка, творчыя саюзы мастакоў ужо прыступілі да адбору работ на полацкае біенале, і, зыходзячы з практыкі мінулых выстаў, прадставяць на яго работы лепшых і аўтарытэтных майстроў. У першым і другім біенале прынялі ўдзел больш за 100 прызнаных акварэлістаў. Разам з выставай сваіх работ падчас канферэнцый яны абмяркоўвалі актуальныя праблемы сучаснай акварэлістыкі, пазнаёміліся з тэндэнцыямі развіцця нацыянальных акварэльных школ. На трэцім біенале таксама запланавана правядзенне сімпозіума-канферэнцыі "Акварэль як творчая прастора". Па выніках выставы будзе апублікаваны каталог.-0-