Міжнародная дзейнасць беларускіх дэпутатаў спрыяе дыялогу з краінамі-членамі Савета Еўропы - А.Рубінаў

1 чэрвеня, Лепельскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы спрыяе канструктыўнаму дыялогу з краінамі - членамі Савета Еўропы. Такую думку, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, выказаў журналістам старшыня Савета Рэспублікі, старшыня Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання Анатоль Рубінаў. Спікер верхняй палаты беларускага парламента са шкадаваннем канстатаваў, што на Захадзе ведаюць пра Беларусь па суб'ектыўных ацэнках некаторых людзей. Пры гэтым той, хто пабываў у Беларусі, атрымлівае пра яе зусім іншае - станоўчае - уяўленне. Менавіта таму так важна наладжванне дыялогу паміж беларускімі і еўрапейскімі парламентамі, лічыць Анатоль Рубінаў. Гаворачы аб дзейнасці Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, яго старшыня адзначыў, што гэты калегіяльны дарадчы орган прызваны распрацоўваць прапановы па далейшым удасканаленні дзейнасці мясцовага самакіравання, абагульняць і распаўсюджваць іх вопыт работы. Так, па выніках сённяшняга пасяджэння ў Лепельскім раёне, на думку Анатоля Рубінава, варта звярнуць увагу на арганізацыю службы па аказанні паслуг сельскаму насельніцтву ў Каменскім і Бараўскім сельскіх саветах. У гэтых сельсаветах створаны спецыялізаваныя вытворчыя прадпрыемствы, якія займаюцца апрацоўкай прысядзібных участкаў, нарыхтоўкай дроў і іншымі падобнымі работамі. Пры гэтым за кошт уласных сродкаў гэтыя прадпрыемствы прадастаўляюць зніжкі на паслугі самотным пенсіянерам, малазабяспечаным грамадзянам. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся не толькі з работай Каменскага і Бараўскага сельскіх Саветаў дэпутатаў па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак, але і з арганізацыяй камунальнага і бытавога абслугоўвання насельніцтва, развіццём медыцынскага абслугоўвання, наведалі дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр "Жамчужына". У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, кіраўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў.-0-