Міжнародная канферэнцыя "Арт-Лімуд Беларусь" пройдзе ў Віцебску 12-14 верасня

Международная конференция "Арт-Лимуд Беларусь" пройдет в Витебске 12-14 
сентября

Міжнародная адукацыйна-культурна-забаўляльная канферэнцыя "Арт-Лімуд Беларусь" пройдзе ў Віцебску 12-14 верасня, паведамляе БЕЛТА.

Канферэнцыя "Лімуд" (у перакладзе з іўрыту азначае "вучэнне") збярэ ў Віцебску каля 650 чалавек з Беларусі, Украіны, Расіі, Вялікабрытаніі, Ізраіля, ЗША і іншых краін. Сярод зорных гасцей вядомы акцёр Эмануіл Віторган, журналіст і тэлевядучы Леў Наважэнаў, паэт Ігар Іртэньеў. Чакаюць у Віцебску і пасла Ізраіля ў Беларусі Іосіфа Шагала. На канферэнцыі, прысвечанай творчасці, культуры і мастацтву, адначасова будзе праводзіцца да васьмі розных заняткаў, што дазволіць удзельнікам фарміраваць праграму па сваім меркаванні. Запланаваны круглыя сталы, гутаркі, лекцыі, трэнінгі, экскурсіі, майстар-класы, канцэрты, выставы, творчыя вечары і сустрэчы. Усяго на працягу трох дзён будзе арганізавана каля 120 мерапрыемстваў. Асноўнымі пляцоўкамі канферэнцыі стануць Беларускі тэатр "Лялька", Мастацкі музей і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Канферэнцыя пройдзе ў Беларусі другі раз і другі раз прымаць удзельнікаў форуму будзе Віцебск. У гэтым годзе "Арт-Лімуд" выйшаў за рамкі аднаго горада і своеасаблівым яго пралогам стануць мерапрыемствы, прысвечаныя стваральніку дзяржаўнай мовы Рэспублікі Ізраіль Эліэзеру Бен-Іегуду, якія пройдуць у Глыбокім (тут у скверы знакамітых землякоў усталяваны бюст Бен-Іегуды) і Шаркаўшчынскім раёне (у аграгарадку Лужкі 11 верасня ў гонар вядомага ўраджэнца гэтых мясцін будзе адкрыта турысцка-інфармацыйная дошка). Арганізатарам канферэнцыі выступае Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і суполак.

Упершыню канферэнцыя "Лімуд" прайшла ў Англіі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Мерапрыемства было арганізавана невялікай групай валанцёраў. Сорак чалавек сабраліся разам на некалькі дзён для таго, каб падзяліцца адзін з адным сваімі ведамі. Штогадовыя канферэнцыі "Лімуд" праходзяць у Вялікабрытаніі, Галандыі, Францыі, Германіі, Швейцарыі, Паўднёвай Афрыцы, Ізраілі, ЗША, Расіі, Украіне, Малдове (усяго больш чым у 30 краінах свету) і збіраюць ад некалькіх сотняў да тысячы ўдзельнікаў. Першая такая канферэнцыя на тэрыторыі былога СССР адбылася ў Маскве ў 2006 годзе. Залог поспеху "Лімуда" і яго галоўны прынцып заключаецца ў спалучэнні трох "О": навучанне, адпачынак, зносіны. Ад імя Віцебскага аблвыканкама ўдзельнікам Міжнароднай канферэнцыі "Арт-Лімуд Беларусь" накіраваны прывітальны адрас.