Міжнародная канферэнцыя аб праблемах лекарскай этыкі пройдзе ў Віцебску

Міжнародная медыцынская канферэнцыя "Праблемы лекарскай этыкі ў сучасным свеце" 7-8 чэрвеня збярэ ў Віцебску каля 90 удзельнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары. На штогадовую канферэнцыю, якая адбудзецца ў сценах аблвыканкама, прыбудуць эксперты з Беларусі, Нігерыі, Украіны, Шры-Ланкі, Польшчы, Францыі і Ватыкана.

У працы форуму возьмуць удзел прадстаўнікі абласной улады, медыкі, тэолагі, навукоўцы, пасол Ватыкана ў Беларусі Габар Пінтар і святар з Ватыканскага дэпартамента па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека Дарыуш Герс. Таксама за працай канферэнцыі будуць назіраць па відэасувязі медыцынскія работнікі раёнаў Віцебскай вобласці. Перад пачаткам форуму апостальскі нунцый азнаёміцца з працай устаноў аховы здароўя абласнога цэнтра. На працягу двух дзён удзельнікі канферэнцыі будуць абмяркоўваць духоўныя аспекты барацьбы з абортамі і эўтаназіяй, біяэтыку ў сучаснай медыцыне, родапамогу, педыятрыю і транспланталогію. 

Разгледзяць эксперты таксама пытанні прафілактыкі алкагалізму і наркаманіі, фарміравання здаровага ладу жыцця. У канцы кожнага з двух дзён форуму пройдуць дыскусіі. Канферэнцыя праводзіцца па ініцыятыве Віцебскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы і Віцебскага аблвыканкама пры ўдзеле трох дзяржаўных ВНУ абласнога цэнтра: медуніверсітэта, універсітэта імя П.М.Машэрава і акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Духоўнымі куратарамі форуму ўжо другі год стануць святары Таварыства Ісуса. У свой час езуіты служылі на тэрыторыі Віцебскай губерні ў Оршы, Полацку і Віцебску. Знакаміты езуіт, вучоны-энцыклапедыст Габрыэль Грубер (1740-1805) прынёс славу Полацкаму калегіуму як аднаму з лепшых універсітэтаў Еўропы.

Андрэй Шчарбіцкі, БЕЛТА.