Міжнародная канферэнцыя па паразіталогіі пройдзе 23-24 верасня ў Віцебску

22 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па паразіталогіі пройдзе 23-24 верасня ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце з удзелам больш як 140 спецыялістаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры медыцынскай біялогіі і агульнай генетыкі ўніверсітэта доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзіслаў Бякіш. Мерапрыемства праводзіцца ў Віцебску ўжо сёмы раз і па традыцыі збірае шырокае прадстаўніцтва айчынных і замежных спецыялістаў. Сёлета цікавасць да форуму праявілі прадстаўнікі вядучых навуковых цэнтраў, навучальных і даследчых устаноў, санітарна-эпідэміялагічных службаў больш як 20 рэгіёнаў Расіі (ад Калінінграда да Хабараўска), Украіны, Польшчы, а таксама з усіх абласцей Беларусі. На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца праблемы, звязаныя з распаўсюджваннем паразітарных захворванняў, эпідэміялагічным наглядам за малярыяй і клешчавымі інфекцыямі, хваробатворным уздзеяннем паразітычных прасцейшых арганізмаў і гельмінтаў на арганізм, у тым ліку пашкоджаннем спадчыннага апарату чалавека і жывёл пры паразітарных захворваннях. Спецыялісты падзеляцца дасягненнямі ў гэтай галіне медыцыны, разгледзяць пытанні дыягностыкі і лячэння паразітарных захворванняў, пазнаёмяцца з распрацоўкамі новых спосабаў камбінаванага лячэння захворванняў, у тым ліку гельмінтозаў. Праца канферэнцыі будзе арганізавана па трох секцыях: "Медыцынская паразіталогія", "Біялагічныя асновы паразітызму", "Ветэрынарная паразіталогія". Спецыялісты аховы здароўя пройдуць навучанне на навукова-практычным семінары, прысвечаным пытанням лячэння шэрагу паразітарных захворванняў, у тым ліку аскарыдозу і трыхінелёзу. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі, аддзяленне медыцынскіх навук НАН Беларусі і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.-0-