Міжнародная канферэнцыя пройдзе 5 мая да 100-годдзя Віцебскай вучонай архіўнай камісіі

28 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Міжнародная навуковая канферэнцыя "Віцебшчына краязнаўчая", прысвечаная 100-годдзю ўтварэння Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, пройдзе 5 мая ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. Машэрава. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дэкан гістарычнага факультэта ўніверсітэта доктар гістарычных навук, прафесар Веніямін Космач. У мерапрыемстве прымуць удзел амаль 100 спецыялістаў з Беларусі і Расіі - гэта вучоныя, выкладчыкі, магістранты і студэнты ВНУ і навуковых цэнтраў, а таксама супрацоўнікі музеяў і архіваў. Асноўнымі напрамкамі работы канферэнцыі стануць даследаванні дзейнасці і значэння Віцебскай вучонай архіўнай камісіі ў развіцці архіўнай справы на Беларусі, гісторыі і культуры Віцебска, развіцця гістарычнай навукі, архівазнаўства, музеяў і культуразнаўства ў віцебскім рэгіёне, а таксама даследаванні па рэлігійным жыцці на Віцебшчыне. Акрамя таго, удзельнікі абмяркуюць развіццё міжнароднага супрацоўніцтва Віцебска з гарадамі-пабрацімамі, стан і перспектывы турыстычнай дзейнасці ў абласным цэнтры. У ходзе канферэнцыі спецыялісты абмяняюцца інфармацыяй па апошніх навуковых даследаваннях у галіне краязнаўства і архіўнай справы, абмяркуюць інавацыі і практычны вопыт выкладання гістарычнай навукі ў ВНУ. Па выніках плануецца выдаць зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць гістарычны факультэт ВДУ імя П. Машэрава і Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Віцебская вучоная архіўная камісія была створана 31 мая 1909 года па ініцыятыве віцебскіх гісторыкаў і краязнаўцаў Я. Раманава, А. Сапунова, В. Арсеньева і іншых. Гэта гістарычнае таварыства, якое не мае аналагаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, займалася ўладкаваннем губернскага гістарычнага архіва, аховай і вывучэннем помнікаў археалогіі, гісторыі і культуры, збіраннем прадметаў старажытнасці і правядзеннем археалагічных раскопак. Адным з напрамкаў дзейнасці камісіі з'яўлялася даследаванне і папулярызацыя гісторыі роднага краю. Члены камісіі арганізоўвалі экскурсіі па гістарычных мясцінах, выдавалі навуковыя і папулярныя працы па гісторыі Віцебшчыны. Віцебская вучоная архіўная камісія стварыла губернскі архіў, музей і бібліятэку, якія ў наступным спрыялі развіццю архіўнай, музейнай і бібліятэчнай справы ў Прыдзвінскім краі. Кніжны фонд і экспанаты, сабраныя камісіяй, ляглі ў аснову стварэння сучасных абласнога краязнаўчага музея і абласной бібліятэкі. Па ініцыятыве Віцебскай вучонай архіўнай камісіі ў 1911 годзе ў горадзе створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, якое вяло падрыхтоўку па спецыяльнасцях "вучоны архівіст", "вучоны археолаг" і "вучоны мастацтвазнавец" (закрыта ў 1922 годзе пасля ліквідацыі Маскоўскага архітэктурнага інстытута). Камісія таксама ініцыявала адкрыццё Віцебскага настаўніцкага інстытута. Фонд Віцебскай вучонай архіўнай камісіі захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.-0-