Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы крыніцазнаўства» пройдзе ў Віцебску 23-24 красавіка
23 красавіка 2021 года а 13.00 у рамках правядзення VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы крыніцазнаўства» адбудзецца прэзентацыя зборніка дакументаў «Без тэрміну даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх пасобнікаў супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Віцебская вобласць. Зборнік архіўных дакументаў і матэрыялаў». У яго ўключана 213 дакументаў (з улікам дадатку), у тым ліку 181 з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, 9 з Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, 3 з Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, 3 з Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Полацку. Публікуюцца таксама дакументы з архіваў Расіі, Латвіі і ЗША.
Сярод іх — дакументы ваеннага часу двух ваяваўшых бакоў, нямецкага і савецкага. Першы прадстаўлены загадамі, распараджэннямі, справаздачамі, зводкамі, данясеннямі і інш. Большасць дакументаў другога боку адклалася ў фондах Беларускага штаба партызанскага руху, падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, партызанскіх фарміраванняў, якія захоўваюцца ў НАРБ. Сярод іх справаздачы, даведкі, данясенні, акты і інш.
2 лістапада 1942 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была арганізавана Надзвычайная дзяржаўная камісія па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненай імі шкоды грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР (НГК). Для садзейнічання ў рабоце НГК СССР у БССР былі арганізаваны рэспубліканская, абласныя, гарадскія і раённыя камісіі. У зборніку шырока прадстаўлены дакументы гэтых камісій. Сярод іх пратаколы, акты, даведкі, звесткі і інш. Матэрыялы НГК сталі асновай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ваенных злачынцаў.
Дакументы зборніка размеркаваны па двух раздзелах. У першым раздзеле публікуюцца дакументы аб злачынствах, учыненых нацыстамі на акупаванай тэрыторыі Віцебскай вобласці, і яны размешчаны па храналагічным прынцыпе. У другі раздзел
уключаюць дакументы аб устанаўленні і расследаванні фактаў ваенных злачынстваў. Пры іх сістэматызацыі выкарыстаны наступныя прынцыпы: адміністрацыйна-тэрытарыяльны, алфавітны, тэматычны і храналагічныВыданне прызначана для гісторыкаў, навуковых і музейных работнікаў, даследчыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца нацыянальнай гістарычнай спадчынай Беларусі.