Міжнародная праграма прафесійнага развіцця педагогаў "Навучанне для будучыні" стартавала ў Полацку

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная праграма прафесійнага развіцця педагогаў "Навучанне для будучыні" стартавала ў Полацку пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Парка высокіх тэхналогій. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. На базе Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава пачаўся тыднёвы трэнінг па курсах "Праектная дзейнасць у інфармацыйным адукацыйным асяроддзі XXI стагоддзя" і "ІКТ: стратэгія развіцця адукацыйнай установы". Мэта трэнінгу – падрыхтоўка ў Беларусі нацыянальных трэнераў для арганізацыі якаснага ўкаранення гэтых курсаў у праграму навучання студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, а таксама для інтэграцыі ў праграму павышэння кваліфікацыі ўсіх катэгорый педагагічных работнікаў на базе абласных інстытутаў развіцця адукацыі. Курсы ўтрымліваюць новыя метадычныя падыходы да пытанняў фарміравання і ацэнкі навыкаў XXI стагоддзя і ўключаюць вялікую колькасць дадатковых анлайн-рэсурсаў. Слухачы, якія паспяхова здалі кантрольныя заданні, атрымаюць міжнародныя сертыфікаты карпарацыі Intel. У далейшым плануецца запусціць гэтыя адукацыйныя курсы ў Гродне і Віцебску на базе абласных інстытутаў развіцця адукацыі і дзяржуніверсітэтаў. Праект рэалізуецца згодна з Пратаколам аб намерах па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у сістэме адукацыі ад 9 жніўня 2011 года паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі, адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій і карпарацыяй Intel.-0-