Міжнароднае ралі "Славянскі Кубак" пройдзе ў Браслаўскім раёне 21-22 мая
28 красавіка, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. У Беларусі пачалася падрыхтоўка да міжнароднага ралі "Славянскі Кубак". Гонка пройдзе ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці 21-22 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры ДТСААФ.
Найважнейшай асаблівасцю маючых адбыцца спаборніцтваў з'яўляецца тое, што ў рамках "Славянскага Кубка" пройдзе не толькі адзін з этапаў беларускага ралійнага чэмпіянату, але і выязны этап Адкрытага чэмпіянату Расіі па ралі. Для сучаснага беларускага аўтаспорту гэта беспрэцэдэнтная падзея, адзначылі ў прэс-цэнтры.
Такім чынам, Беларусь у маі чакае сапраўдны дэсант расійскіх спартсменаў, зрэшты, напэўна Браслаў наведаюць і госці з Украіны, Літвы і Латвіі. Бо з нядаўніх часоў азёрны край знакаміты не толькі сваімі прыгожымі краявідамі, але і першакласнымі ралійнымі спецучасткамі, якія параўнальныя з лепшымі трасамі краін Балтыі. Месцамі вельмі хуткасныя, месцамі вельмі тэхнічныя, яны надзвычай патрабавальныя да працы экіпажа і не даруюць ні найменшай памылкі. Асаблівасць мясцовых дапаў - пастаянная змена рытму, багацце складаных сувязяў і тыповая для прыбалтыйскіх трас "трохмернасць". Да пераваг браслаўскіх гонак варта аднесці роўнае, шчадлівае да тэхнікі пакрыццё, кампактны маршрут, высокі ўзровень бяспекі.
Аб дэталях маючага адбыцца ралі гаварыць пакуль рана, аднак ужо вядома, што спаборніцтвы пройдуць у два дні, на працягу якіх удзельнікам трэба будзе пераадолець 385 км, з іх 155 км прыпадуць на хуткасныя спецучасткі.-0-