Міжнародныя і нацыянальныя назіральнікі аднадушна адзначаюць дакладную арганізацыю кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Международные и национальные наблюдатели единодушно отмечают четкую организацию кампании по выборам Президента Республики Беларусь

Безумоўна, важная роля ў тым, каб усе этапы выбарчага працэсу праходзілі дэмакратычна, адкрыта, у спакойнай абстаноўцы і ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, належыць выканаўчым і распарадчым органам улады, а таксама выбарчым камісіям усіх узроўняў. Старшыня Віцебскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Хома валодае немалым досведам як адзін з арганізатараў выбарчай кампаніі. У мінулыя гады на прэзідэнцкіх выбарах, а таксама на выбарах у Нацыянальны сход, мясцовыя Саветы дэпутатаў з'яўляўся членам, намеснікам і старшынёй участковай выбарчай камісіі, членам абласной камісіі, а ў 2014-м узначальваў абласную камісію па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы задалі Д.Хому пытанні, якія цікавяць выбаршчыкаў.

— Дзмітрый Леанідавіч, колькі нас, жыхароў Віцебшчыны, прымаюць удзел у галасаванні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь?
— ЦВК 5 кастрычніка правёў праверку гатоўнасці камісій усіх узроўняў да этапу галасавання. Да гэтага моманту мы маем удакладненыя дадзеныя, якія тычацца колькасці выбаршчыкаў, што пражываюць у Віцебскай вобласці. Такім чынам, у спісы для галасавання ўключаны 877 тысяч 793 жыхара Прыдзвіння, якія валодаюць правам голасу. Запрашэнні наведаць свае ўчасткі ў дні датэрміновага галасавання або ў дзень выбараў уручаны ўсім выбаршчыкам. Рэальная лічба можа вар'іравацца (напрыклад, грамадзянін знаходзіўся за межамі Беларусі, вярнуўся да выбараў, жадае прагаласаваць), аднак нязначна. У пятніцу на мінулым тыдні бюлетэні для галасавання перададзены тэрытарыяльным камісіям, а 5 кастрычніка, гэта значыць за дзень да пачатку датэрміновага галасавання, паступілі ва ўчастковыя камісіі.

— Як даведацца выбаршчыку, ці ўнесена яго прозвішча ў спісы?


— Самы просты спосаб — звярнуцца ў сваю ўчастковую камісію, можна нават па тэлефоне. Інфармацыя аб месцазнаходжанні выбарчых участкаў была апублікавана ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, размешчана на сайтах аблвыканкама, раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў. Не будзе лішнім выбаршчыку пацікавіцца, ці ўнесена яго прозвішча ў спісы для галасавання, яшчэ і ў тым выпадку, калі ён збіраецца атрымліваць бюлетэнь па прад'яўленні не пашпарта, а іншага дакумента. У адпаведнасці з пастановай Цэнтрвыбаркама №77 ад 24 верасня 2015 года, на падставе часткі 2 артыкула 52 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь да іншых дакументаў, акрамя пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, па прад'яўленні якіх выбаршчыку выдаецца бюлетэнь для галасавання, адносяцца пасведчанне кіроўцы, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, пенсійнае пасведчанне пры наяўнасці ў ім фатаграфіі, студэнцкі білет, даведка органаў унутраных спраў — для грамадзян, якія страцілі пашпарт. Па гэтых дакументах грамадзяніну таксама будзе выдадзены бюлетэнь, але толькі ў тым выпадку, калі ён уключаны ў спісы для галасавання.

— А калі грамадзянін не знаходзіць сябе ў спісах, як у гэтым выпадку яму прагаласаваць?


— Падставай для ўключэння ў спісы для галасавання з'яўляецца рэгістрацыя па месцы жыхарства, пастаянная або часовая. Грамадзяне, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, але па якой-небудзь прычыне не ўключаныя ў спісы, уключаюцца ў яго ўчастковай камісіяй дадаткова. Парадак тут такі. Грамадзяне, зарэгістраваныя па месцы жыхарства на тэрыторыі ўчастка для галасавання, уключаюцца ў спісы на падставе пашпарта пры наяўнасці ў ім штэмпеля аб рэгістрацыі; выбаршчыкі, зарэгістраваныя па месцы знаходжання, — на падставе пашпарта і дакумента, які пацвярджае рэгістрацыю па месцы знаходжання; грамадзяне, у якіх адсутнічае рэгістрацыя на тэрыторыі дадзенага ўчастка, — на падставе пашпарта і дакумента, які пацвярджае пражыванне на тэрыторыі ўчастка для галасавання (напрыклад, дагавор арэнды або найму). У гэтым выпадку ўчастковая камісія перадае паведамленне аб уключэнні грамадзяніна ў спіс ва ўчастковую камісію ўчастка, на тэрыторыі якога грамадзянін мае рэгістрацыю па месцы жыхарства або па месцы знаходжання.

— Хто можа прагаласаваць датэрмінова?

— Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўключаны ў спісы для галасавання, за выключэннем тых, хто будзе галасаваць на ўчастках, утвораных у санаторыях, бальніцах, іншых установах аховы здароўя, дзе галасаванне праводзіцца ў дзень выбараў.

— Як складаюцца адносіны ў членаў абласной камісіі з міжнароднымі экспертамі па выбарах, якія працуюць на Віцебшчыне?


— Адносіны дзелавыя і добразычлівыя. На дадзены момант у нашым рэгіёне ажыццяўляюць маніторынг выбарчай кампаніі дзве місіі назіральнікаў, зарэгістраваныя Цэнтрвыбаркамам, — ад СНД і АБСЕ. Яны працуюць вельмі шчыльна, наведваюць выбарчыя ўчасткі, утвораныя ў Віцебскай вобласці, трэнінгі для ўчастковых камісій, пасяджэнні абласной камісіі, запытваюць розную інфармацыю, якая тычыцца колькасці выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання, працы абласной камісіі і яе членаў, у цэлым выбарчай кампаніі. Не было ніводнага пытання, па якім міжнародныя назіральнікі не атрымалі б вычарпальны адказ ад членаў абласной камісіі. Усе просьбы экспертаў задаволены.

— Дзмітрый Леанідавіч, на ваш погляд, якой будзе яўка выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання?

— Мяркую, што яўка будзе высокай. На карысць такога меркавання сведчаць і сацыялагічныя апытанні ў нашай краіне, і вопыт мінулых выбарчых кампаній, і меркаванні многіх выбаршчыкаў, з якімі давялося мець зносіны як старшыні абласной камісіі і проста як грамадзяніну. Адчуваецца высокая зацікаўленасць людзей у тым, каб прыняць удзел у галасаванні і аддаць перавагу найбольш годным, на іх погляд, кандыдату.

На сённяшні дзень у абласную камісію паступіла толькі адна скарга, якая тычыцца непасрэдна выбарчага працэсу, і некалькі зваротаў, якія не маюць дачынення да выбараў. Гэтыя звароты мы перадаем у адпаведныя службы. Але і ў гэтым выпадку выбаршчыкі, якія прыйшлі да нас са сваімі праблемамі, выказвалі намер прыйсці на ўчастак і прагаласаваць. А акрамя таго, у традыцыях нашага народа ісці на выбары як на свята, тым больш у адзін з самых важных момантаў у жыцці краіны, калі выбіраецца кіраўнік дзяржавы. Я паўтару: якія б асобныя рэплікі ні гучалі, зацікаўленасць нашых людзей у тым, каб сваім асабістым удзелам вырашыць, якім будзе заўтрашні дзень рэспублікі, вельмі высокая. Са свайго боку члены выбарчых камісій, органы выканаўчай улады робяць усё, каб выбары прайшлі арганізавана, дэмакратычна, у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам і запомніліся сапраўды святочнай атмасферай. Органы ўнутраных спраў, МНС забяспечваюць на выбарах парадак і бяспеку. Створаны ўмовы для выбаршчыкаў з абмежаванымі магчымасцямі і ў плане безбар'ернага асяроддзя. І члены выбарчых камісій Віцебшчыны — доследныя спецыялісты, за плячыма якіх не адна выбарчая кампанія. Словам, нішто не павінна перашкодзіць свабоднаму волевыяўленню нашых людзей.

— У гэтыя дні на старонках «Віцьбічаў» публікуюцца матэрыялы пад рубрыкай «Чаму я пайду галасаваць». Дзмітрый Леанідавіч, а як бы вы адказалі на гэтае пытанне?

— Гэта мой абавязак як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, якому неабыякавы лёс краіны. Я абавязкова прыйду на свой участак — у адзін з дзён датэрміновага галасавання ці 11 кастрычніка. І зраблю свой усвядомлены, адказны выбар. Да чаго і заклікаю выбаршчыкаў Віцебскай вобласці. Члены камісій усіх узроўняў будуць рады бачыць вас на ўчастках для галасавання. Толькі нам з вамі вырашаць, якім стане заўтрашні дзень краіны. Усё залежыць толькі ад нас.

Віталь Сянкоў. Фота Алега Клімовіча. «Віцьбічы».