Міжнародны аўтапрабег творчай моладзі стартаваў у Воршы

4 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны аўтапрабег творчай моладзі, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стартаваў сёння ў Оршы. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама Алег Смірноўскі. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць каля 50 маладых людзей з Оршы, Лёзна і расійскай Рудні. На працягу бліжэйшых трох дзён яны будуць выступаць з канцэртамі і віншаваннямі для ветэранаў у кожным з гэтых населеных пунктаў. Так, святочнае мерапрыемства ў Оршы стартавала ля мемарыяла, прысвечанага легендарным рэактыўным устаноўкам "Кацюша". Для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны гучалі песні мінулых гадоў, шматлікія віншаванні. Таксама адбылося ўрачыстае прысвячэнне мясцовай моладзі ў члены БРСМ і піянеры. Увечары ўдзельнікі акцыі пацешаць гараджан яркім байк-шоу і вялікім канцэртам, які адбудзецца на сцэне Палаца культуры чыгуначнікаў. Арганізатарамі акцыі выступаюць аддзелы па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама, Лёзненскага райвыканкама і Рудні.-0-