Міжнародны фестываль "Адыгітрыя" адкрыецца 31 ліпеня пад Віцебскам
XVII Міжнародны моладзевы праваслаўны форум-фестываль "Адыгітрыя" пройдзе ў Віцебску і яго наваколлі з 31 ліпеня па 4 жніўня, паведамілі ў прэс-службе Віцебскай епархіі.
Творчы форум будзе праводзіцца ў два этапы. Асноўным месцам дыслакацыі адборачнага тура стане аздараўленчы праваслаўны лагер "Дружба" у вёсцы Бернікі пад Віцебскам. Тут жа будзе арганізавана праца маладзёжных секцый, пройдуць канцэрты гуртоў і выканаўцаў. Увечары 1 жніўня ўдзельнікі выступяць з канцэртам у Палацы культуры г.п. Руба. Гала-канцэрт адбудзецца на сцэне Летняга амфітэатра 2 жніўня. У праграме і сольныя выступленні ўдзельнікаў, конкурсы, круглыя сталы, экскурсіі, майстар-класы. Другім этапам стане хрэсны ход з Віцебска ў Смаленск. Раніцай 5 жніўня ахвотныя ўдзельнікі фестывалю выйдуць з абласнога цэнтра і адправяцца ў Смаленск, дзе 10 жніўня прымуць удзел у урачыстасцях, прысвечаных святкаванню Смаленскай іконы Божай Маці "Адыгітрыя". Міжнародны моладзевы праваслаўны форум-фестываль "Адыгітрыя" праводзіцца з мэтай аб'яднання і абмену вопытам прадстаўнікоў праваслаўных маладзёжных рухаў, музычных калектываў, аўтараў-выканаўцаў і паэтаў, якія займаюцца духоўнай творчасцю.