Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» стартаваў у Полацку

Международный фестиваль органной музыки «Званы Сафii» стартовал в Полоцке
XXIII Міжнародны фестываль арганной музыкі «Званы Сафii» у Полацку ўрачыста адкрыўся.

Фестываль стартаваў са святкавання двух юбілеяў. 30-годдзе сваёй творчай дзейнасці ў гэты дзень адзначыла арганістка канцэртнай залы Сафійскага сабора, лаўрэат міжнароднага конкурсу Ксенія Пагарэлая, 10-годдзе з моманту стварэння – камерны аркестр «ЕВРОПА-ЦЕНТР» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Удзячныя слухачы віталі артыстаў авацыямі, выклікалі на біс, дарылі кветкі і кампліменты.

Імя Ксеніі Пагарэлай, якая вядзе актыўную асветніцкую і канцэртную дзейнасць, вядома не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. За высокія дасягненні ў галіне культуры палачанка ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.

Выступленні камернага аркестра «ЕВРОПА-ЦЕНТР», які аб'ядноўвае выкладчыкаў і студэнтаў музычных навучальных устаноў Полацка і Наваполацка, таксама набываюць усё большую папулярнасць у розных гарадах Беларусі і за яе межамі.

На юбілейным канцэрце музыканты парадавалі публіку яркай, разнастайнай праграмай з твораў Іагана Себасцьяна Баха, Тамаза Альбіноні, Макса Рэгера, Мішэля Карэта, Дзмітрыя Смальскага. Асаблівым падарункам землякам стала выкананне сюіты для аргана «Францыск Скарына» кампазітара Ганны Кароткінай, якая таленавіта раскрывае ў сваёй творчасці вобразы выдатных беларускіх асветнікаў.

Усяго на фестывалі «ЗВАНЫ САФІІ» выступяць вядомыя музыканты з сямі краін. Найбліжэйшы канцэрт 28 кастрычніка дадуць нямецкія выканаўцы Ёзэф МІЛЬЧЫЦКІ (арган) і Сюзанна ЮТЦ-МІЛЬЧЫЦКАЯ (сапрана).

4 лістапада аматараў арганнай музыкі парадуе Хіроко ІНОУЭ з Японіі.

11 лістапада эстафету свята падхопіць аўстрыец Іаган ТРУММЕР.

18 лістапада ў Полацк прыедзе арганіст Томас НІП з Ліхтэнштэйна, а 25 лістапада – Туомас ПІРХАНЕН з Фінляндыі.

"Віцебскія весці".