Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі пройдзе ў Беларусі 17-24 лістапада
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) пройдзе ў Беларусі з 17 па 24 лістапада. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню фестывалю, намеснік генеральнага дырэктара па спецпраектах Цэнтра культуры "Віцебск" Марына Раманоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Стартавай пляцоўкай форуму сёлета стане Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. 17 лістапада на сталічнай сцэне выступяць Пермскі дзяржаўны тэатр "Балет Яўгена Панфілава" (Расія) і кампанія танца "Фрэска" (Ізраіль). 21 лістапада вечар сучаснай харэаграфіі адбудзецца ў Маладзечне.
У Віцебску фестываль будзе панаваць з 19 па 24 лістапада. Пляцоўкамі яго мерапрыемстваў стануць канцэртная зала "Віцебск" і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Тут выступяць "Балет Яўгена Панфілава", кампанія танца "Фрэска" (Ізраіль), тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.SK.I. (Беларусь), балет STREET JAZZ (Расія), "Кіеў Модэрн-Балет" (Украіна), салісты балетнай школы імя Ф.Парнеля (Польшча), рускі акадэмічны балет "Масква", салісты Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.
Галоўная падзея фестывалю - конкурс сучаснай харэаграфіі. Сёлета ў ім бяруць удзел толькі беларускія калектывы. Папярэдні адборачны відэатур з 22 заяўленых прайшлі 13 калектываў. "Атрадна, што ў конкурсе будуць прадстаўлены ўсе рэгіёны краіны. Нас чакае знаёмства з новым пакаленнем таленавітых беларускіх харэографаў і сустрэчы з прызнанымі майстрамі - Дзіянай Юрчанка, Анастасіяй Маховай і Дзмітрыем Куракулавым", - адзначыла Марына Раманоўская.
Ацэньваць выступленні ўдзельнікаў будзе прадстаўнічае журы пад старшынствам лаўрэата міжнародных конкурсаў, мастацкага кіраўніка тэатра сучаснай харэаграфіі "Кіеў Модэрн-Балет" Раду Поклітару (Украіна), сустаршынёй будзе балетны крытык, музыказнавец, старшыня экспертнага савета Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі "Залатая маска" Ларыса Барыкіна (Расія). У склад журы таксама ўвайшлі Юрый Траян (Беларусь), Святлана Гуткоўская (Беларусь), Карл-Ёзэф Нелес (Германія), Інгрыда Гербютавічытэ (Літва), Аляксандр Пепяляеў (Расія). "Сёлета не будзе дзялення на журы і экспертны савет. Суддзі будуць працаваць разам", - дадала намеснік гендырэктара.
Заснавальнікамі фестывалю выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".
Алена Ціханава