Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі стартуе ў Віцебску
IFMC збярэ артыстаў з Беларусі, Бельгіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Расіі і Украіны. Перад адкрыццём гледачы змогуць пазнаёміцца з фотапраектам Ігара Гусакова і выставай скульптур Сяргея Сотнікава. На адкрыцці госці ўбачаць легендарную "Ганну Карэніну" - пластычны спектакль без слоў у выкананні артыстаў Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Вахтангава. Рэжысёр спектакля Анжаліка Холіна пакажа сваю трактоўку рамана.
У цэлым афіша творчага форуму прадстаўлена разнафарматнымі пастаноўкамі. 19-20 лістапада адбудзецца сусветная прэм'ера балета "Вій" у выкананні акадэмічнага тэатра "Кіеў Модэрн-балет". Пастаноўка будзе ісці адразу на дзвюх сцэнах: на віцебскай - КЗ "Віцебск" і мінскай - Вялікі тэатр оперы і балета. 21 лістапада адбудзецца паказ працы бельгійскага харэографа Яна Мартэнса Sweat Baby Sweat, заснаваны на розных мовах руху - ёга, цыркавая акрабатыка і рок-н-рол. Пермскі дзяржаўны тэатр "Балет Яўгена Панфілава" прывязе дзве прэм'еры: аднаактавыя балеты "Лабірынт" і "Чалавек паветра". На закрыцці фестывалю 23 лістапада будзе прадстаўлены лепшы спектакль міжнароднага форуму танца Tanzmesse-2018 у Дзюсельдорфе - Oskara ў выкананні кампаніі танца Kukai Dantza (Іспанія).
Заўважнай падзеяй IFMC стане фінал беларускага конкурсу сучаснай харэаграфіі. Выступленні артыстаў гледачы змогуць убачыць 22 лістапада.
Таксама адбудуцца інтэрактыўныя лекцыі, майстар-класы, семінары, круглыя сталы. Традыцыйна ў фае канцэртнай залы "Віцебск" будуць экспанавацца выставы.
Заснавальнікі форуму - Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".
БЕЛТА. Фота з архіва газеты "Віцебскія весці".