Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі стартаваў у Полацку
Творчым сімвалам вясны ў Полацку 28 гадоў запар выступае Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі. Сёлета ён зноў абяцае стаць значнай падзеяй у культурным жыцці краіны, сабраўшы выдатных выканаўцаў з Германіі, Польшчы, Эстоніі, Бельгіі, Фінляндыі і Беларусі.
– Як заўсёды, спадзяёмся парадаваць нават самых спрактыкаваных слухачоў, падарыць жыхарам і гасцям горада незабыўныя імгненні сустрэчы з выдатным, – адзначыла загадчыца канцэртным аддзелам Сафійскага сабора Алена Мартынава.
Яна расказала, што фестываль прысвечаны 330-годдзю з дня нараджэння вялікага кампазітара Іагана Себасцьяна Баха. Адкрыццё свята музыкі ў Сафійскім саборы адбылося 22 сакавіка. Нямецкі арганіст Крыстаф Хаўзер выступіў у якасці дырыжора разам з камерным хорам «Notabele» з Мюнхена і аркестрам «Еўропа-Центр» з Полацка.
Нас чакае яшчэ адзін прыемны сюрпрыз 26 сакавіка – адкрыццё I абласнога дзіцячага фартэпіяннага конкурсу «Бах і XXI стагоддзе». 40 маладых талентаў з розных гарадоў Беларусі змогуць далучыцца да багатых культурных традыцый полацкай зямлі. Лепшыя з іх выступяць 28 сакавіка на сцэне Сафійскага сабора разам з прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народным артыстам Беларусі Ігарам Алоўнікавым. А ў дзень адкрыцця конкурсу яго ўдзельнікі і ўсе аматаPры фартэпіяннай музыкі змогуць паслухаць 12 прэлюдый і фуг І. С. Баха у выкананні старшыні журы – выдатнай піяністкі, прафесара Веймарскай Вышэйшай школы музыкі ім. Ф. Ліста Герліндэ Ота.
2 красавіка аматарам класікі будзе прыемна пачуць гучанне клавесіна, які атрымаў другое жыццё ў выніку нядаўняй рэстаўрацыі. Новыя магчымасці інструмента прадэманструе салістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая. Яна выступіць сумесна з аркестрам «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Арсена Садыкава.
Вечар старадаўняга раманса не мае патрэбы ў рэкламе і папулярны ў слухачоў. Акунуцца ў яго ўтульную атмасферу мы зможам 8 красавіка: выступяць заслужаны артыст Беларусі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў і піяністка Наталля Котава.
17 красавіка шэдэўрамі Г. Ф. Гендэля, І. С. Баха, Ф. Шуберта слухачоў парадуюць акадэмічны хор і сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам эстонскага дырыжора Эркi Пехка.
Скрыпка работы вялікага італьянскага майстра Нікола Амаці абяцае прагучаць у Сафійскім саборы 23 красавіка. Упершыню ў Полацку выступіць Цігран Майсесян – вядомы выканаўца, прафесар Лемменсінстытута ў Бельгіі. Ён будзе граць чатыры канцэрты Антоніа Вівальдзі «Чатыры поры года» разам з камерным аркестрам «Еўропа-Цэнтр», а таксама аўтарскія п'есы.
26 красавіка адбудзецца канцэрт для аматараў арганной і вакальнай музыкі ў выкананні арганісткі з Фінляндыі Юліі Таммінен і салісткі Белдзяржфілармоніі Тамары Рамез.
Заключным акордам фестывалю стане выступленне унікальнага па складзе ансамбля з Польшчы «Duetto Matrimoniale». 28 красавіка прафесары Кракаўскай музычнай акадэміі Барбара Лыпік-Собанец (віяланчэль) і Томаш Собанец (марымба, ударныя) выканаюць творы сучасных аўтараў.
Квіткі на канцэрты фестывалю каштуюць ад 80 да 160 тысяч рублёў. Набыць абанемент адразу на ўсе дзевяць музычных сустрэч можна ў два разы танней.
Ларыса Малашаня, "Віцебскія весці"