Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў праходзіць сёння ў Віцебску
15 ліпеня, Віцебск /Таццяна Уласавец - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў "Віцебск-2009" праходзіць сёння, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як распавёў журналістам старшыня праўлення грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" Уладзімір Патапенка, сёлета конкурс, які праводзіцца ў фестывальным Віцебску ўжо пяты раз, набыў статус міжнароднага: разам з беларусамі ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі Украіны і Расіі. Свае творчыя магчымасці паказваюць больш за 40 удзельнікаў - людзей, якія маюць пэўныя фізічныя абмежаванні. Пераможцы вызначацца ў 12 намінацыях: вакал, эстрадны вакал, джазавае выкананне, аўтарская песня, мастацкае слова і іншыя. "Многія ўдзельнікі нашага конкурсу маюць тут адзіную магчымасць заявіць аб сабе, прадэманстраваць на людзях свае творчыя здольнасці. Сярод інвалідаў дастаткова шмат адораных творчых людзей, якіх, на жаль, грамадства не заўсёды заўважае", - адзначыў Уладзімір Патапенка. Арганізатарам мерапрыемства з'яўляецца Беларускае таварыства інвалідаў, спонсарам - Саюз кампазітараў Рэспублікі Беларусь. Пэўную дапамогу ў арганізацыі аказваў ліцэй №3 горада Віцебска. Старшынёй журы конкурсу з'яўляецца народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок.-0-