Міжнародны фестываль "У госці да лепельскага Цмока" пройдзе 8 жніўня
Фестываль прысвечаны міфалогіі і самабытнасці. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Кітая, Славакіі, Літвы і Латвіі.
"Вобраз змеепадобнай міфічнай істоты аб'ядноўвае многія культуры, дзе ён прысутнічае як адзін са знакавых сімвалаў, які ахоўвае прыродныя багацці. Цмок часцей за ўсё быў агнядышным і звязаны з культам вадаёмаў. Ён мог выклікаць засуху або, наадварот, стаць апекуном сельскай гаспадаркі. Беднага, але шчодрага мог ашчаслівіць скарбамі, а прагнага пакінуць без гроша. У беларусаў гэта Цмок, у літоўцаў - Айтварас, у палякаў - Вавельскі Цмок, у латышоў - Пукіс, у рускіх - Дракон (Змей Гарыныч)", - патлумачыла Віялета Грудская.
Госці пазнаёмяцца з добрымі цмокамі, даведаюцца цікавыя факты з беларускай міфалогіі, пра вераванні і звычаі, паўдзельнічаюць у квест-гульні, інтэрактыўных праграмах, кулінарных майстар-класах ад гаспадароў беларускіх аграсядзіб і прадстаўнікоў знакамітага літоўскага кірмаша "Казюкас". Майстар з Пастаў пракаціць на драўлянай ладдзі.
На свяце выступяць беларускія музычныя калектывы "Стары Ольса", "Рокаш", "Вурай", Naka, Trio de Vilna (Літва), студэнты Пекінскага аб'яднанага ўніверсітэта. Малышоў парадуе "Дзіцячы пагорак", дзе яны сустрэнуцца з героямі народных казак і весела правядуць час на драўляных атракцыёнах.
У праграме прадугледжана "сустрэча без гальштукаў". На ёй збяруцца прадстаўнікі Нацыянальнага агенцтва па турызме, пасольстваў краін-удзельніц, прафесіяналы туріндустрыі. Тэма абмеркавання - "Погляд па-новаму на шматузроўневы падыход да арганізацыі шматбаковага міжнароднага супрацоўніцтва ў сумесным культурным і турыстычным праектах".
"Паколькі Цмок з'яўляецца ахоўнікам прэснай вады, рэгулюе баланс вод зямных і нябесных, то арганізатары прыдумалі новы падыход у рэкламе санаторна-курортных устаноў Віцебшчыны, якія шырока выкарыстоўваюць крыніцы мінеральных вод з уласных свідравін. Іх прадстаўленне дасць магчымасць беларусам і гасцям з-за мяжы больш даведацца аб "золаце", якое цячэ ракой пад нагамі, і яго гаючых уласцівасцях. Разам з гэтым санаторыі будуць рэкламаваць свае лячэбныя праграмы", - дадала Віялета Грудская.
Арганізатары фестывалю - упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, Лепельскі райвыканкам, ТАА "РайдоТур" і інш.
Кацярына Князева, БЕЛТА.