Міжнародны фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік" пройдзе 3-5 ліпеня ў Паставах
24 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ХІІ Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" пройдзе 3-5 ліпеня ў Паставах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Пастаўскага райвыканкама Галіна Чаплінская.
Удзельнікамі фестывалю сёлета стануць творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Агулам Паставы чакаюць прыезд каля 500 гасцей, сярод якіх як артысты, так і вядомыя ўраджэнцы гэтага раёна.
Адкрые першы дзень фестывалю ўрачысты мітынг, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ходзе яго ўпершыню будзе выкананы гімн горада, аўтарамі якога сталі пастаўскі паэт Аркадзь Нафрановіч і вядомы беларускі кампазітар Леанід Захлеўны. Затым адбудзецца аўтапрабег па мясцінах памяці загінулых воінаў-вызваліцеляў. На канцэртных пляцоўках пачнуцца выступленні творчых калектываў. Побач з імі разгорнуцца выставы работ народных майстроў, а ўвечары ўсе госці форуму запрашаюцца на "Пастаўскі баль".
4 ліпеня Паставы адзначуць Дзень горада. Галоўнымі падзеямі дня стануць традыцыйны конкурс індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?" і тэатралізаванае прадстаўленне "Любаму гораду 600 гадоў". Выступленне артыстаў абудзіць найважнейшыя падзеі, звязаныя з гісторыяй Пастаў. У гэты ж дзень творчыя калектывы здзейсняць выезды ў буйныя населеныя пункты раёна, дзе выступяць для мясцовых жыхароў. Завяршальным акордам свята 5 ліпеня стане гала-канцэрт усіх удзельнікаў фестывалю.
Фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік" праводзіцца з 1992 года. У 1996 годзе яму прысвоены статус Міжнароднага. Форум закліканы садзейнічаць развіццю народнай творчасці і захоўваць традыцыі народнай музыкі.
Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Міністэрства культуры, упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і Пастаўскі райвыканкам.-0-