Міжнародны інвестыцыйны форум пройдзе ў Віцебску 15-16 ліпеня
18 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі аблвыканкам абвясціў аб правядзенні чарговага міжнароднага інвестыцыйнага форуму, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі аблвыканкама.
Інвестыцыйны форум падхопіць эстафету прыёму гасцей у міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і пройдзе 15-16 ліпеня - у апошнія дні правядзення фестывалю. Мэтай форуму з'яўляецца азнаямленне айчынных і замежных суб'ектаў гаспадарання з інвестыцыйным патэнцыялам вобласці, пошук новых партнёраў і прыцягненне інвестыцый у прыярытэтныя галіны эканомікі Віцебскай вобласці.
У праграме бізнес-форуму адбудзецца прэзентацыя інвестыцыйных прапаноў суб'ектаў гаспадарання рэгіёну. Арганізатары таксама маюць намер паказаць удзельнікам прадпрыемствы, зацікаўленыя ў рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў, і пляцоўкі для развіцця і прыцягнення інвестыцый. Як чакаецца, удзельнікам форуму будзе прапанавана да рэалізацыі больш за 100 інвестпраектаў. Значная частка з іх звязана са стварэннем вытворчасцей па перапрацоўцы мясцовай сыравіны - драўніны, даламіту, гліны, торфу. Раёны вобласці распрацавалі некалькі дзелавых прапаноў па развіцці прыдарожнага сэрвісу, турыстычнай інфраструктуры.-0-