Міжнародны міжвузаўскі фестываль «Зрабі крок наперад» прайшоў у Віцебску
Прадстаўнікоў больш чым 20 ВНУ з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана сабраў у Віцебску Міжнародны міжвузаўскі фестываль сучаснага танца «Зрабі крок наперад».
Гэты яркі запальны фестываль – выдатны прыклад таго, як з ідэі студэнта, у прыватнасці Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, за шэсць гадоў можа вырасці такі маштабны форум з удзелам замежных танцавальных калектываў. Уласна кажучы, аўтар ідэі фестывалю, а цяпер начальнік упраўлення рэалізацыі спецыяльных праектаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Арцём Ігнаценка тады нават і ўявіць сабе не мог, што так будзе. Але немалаважная ў гэтым росце падтрымка, якая ў дадзеным выпадку была ад рэктара ВНУ, а затым дапамаглі фестывалю стаць больш прафесійным ФПБ і БРСМ.
Цяперашні форум падрос колькасцю ўдзельнікаў і іх геаграфіяй, – упершыню прыбылі студэнты Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.Гумілёва. Наогул прыемна, што сцэна аб'яднала традыцыйна блізкія адзін аднаму краіны. Сур'ёзным аказалася журы – знакамітыя харэографы, якіх узначаліў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Юрый Траян. І ўпершыню аднаактовыя балеты і танцавальныя батлы ўбачылі не толькі гледачы ў зале тэатра Якуба Коласа, але і гледачы тэлеканала «Віцебск».
– Фестываль шосты, але ён незвычайны.
Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам цяперашні год у Беларусі абвешчаны Годам культуры. Мы хацелі б нашым фестывалем унесці хаця б невялікі ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры, –адзначыў старшыня аргкамітэта, рэктар акадэміі ветэрынарнай медыцыны Антон Ятусевіч.
Дарэчы, сельскагаспадарчая ВНУ, з якой усё пачалося, атрымала каля 50 прывітанняў з розных краін. У тым ліку, ад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леаніда Зайца, які адзначыў, што ў Год культуры фестываль з'яўляецца яркім пацвярджэннем таго, што творчасць можа аб'яднаць моладзь розных краін, будучых спецыялістаў розных сфер дзейнасці.
Падчас фестывалю танцавальныя калектывы прадставяць на сцэне стылі show-dance, krump, jazz-funk, hip-hop, модерн, джаз-мадэрн і контемпорары, а таксама аднаактовыя балеты на тэму «Геаметрыя пачуццяў». У вольны ад харэаграфічных баталій час госці Віцебска пазнаёмяцца з горадам, пагутаруюць у неформальнай абстаноўцы, падзеляцца вопытам і атрымаюць каштоўныя веды ад знакамітых выкладчыкаў падчас майстар-класаў.
Вольга Маслоўская. Фота
Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».