Міжнародны моладзевы лагер «Бе-Ла-Русь» адкрыецца сёння ў Верхнядзвінскім раёне

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XVIII Міжнародны моладзевы лагер "Бе-La-Русь" адкрыецца сёння ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці на стыку межаў Беларусі, Расіі і Латвіі ля Кургана Дружбы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік прэс-цэнтра Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка. Па традыцыі яго ўдзельнікамі з'яўляюцца каля 600 лідараў моладзевых арганізацый і рухаў трох краін. Праграмай прадугледжана правядзенне песеннага фестывалю, пасяджэння круглага стала, дыскусій і конкурсных праграм. На працягу чатырох дзён юнакі і дзяўчаты будуць спаборнічаць у сіле, спрыце і хуткасці ў розных спартыўных спаборніцтвах. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках рэалізацыі праграм моладзевага міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама ўмацавання і развіцця сяброўскіх кантактаў паміж моладзевымі арганізацыямі. Арганізатарамі лагера з'яўляюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Расійскі саюз моладзі, Саюз за прагрэс моладзі Латвіі.-0-