Міжнародны музычны фестываль імя І.Солерцінскага пройдзе ў Віцебску 1-18 снежня
АФІША XXVIII Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.І.Салерцінскага
XXVII Міжнародны музычны фестываль імя І. Салерцінскага пройдзе ў Віцебскай абласной філармоніі 1-18 снежня, паведаміла адзін з арганізатараў дацэнт кафедры тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Нелі Мацаберыдзэ.
Уверцюрай стане канцэрт арганнай музыкі лаурэата міжнародных конкурсаў італьянца Эўджэніа Фадж'яні. "Маэстра выступае у Еўропе, Расіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе. У гэты час у яго, можна сказаць, гастрольны тур па Беларусі: канцэрты на фестывалях у Мінску, Полацку і ў нас у Віцебску. У праграме прагучаць кампазіцыі Баха, Франка, Малера, Гендэля і самога Эўджэніа Фадж'яні. Арганныя канцэрты вось ужо некалькі гадоў надзейна прапісаліся ў праграме фестывалю, таму што ў нас выдатны інструмент, які выклікае цікавасць у вядомых выканаўцаў", - адзначыла Нелі Мацаберыдзэ. На адкрыцці форуму 3 снежня, у дзень нараджэння Івана Салерцінскага, трыа салістаў з Расіі - Аляксандр Чарноў (скрыпка), Алег Бугаеў (віяланчэль) і Наталля Багданава (фартэпіяна) - дасць канцэрт камернай музыкі. У праграме сярод іншых прагучыць кампазіцыя Шастаковіча - трыа "Памяці І.І. Салерцінскага".
Рэдкім падарункам для віцебскай публікі стане канцэрт старадаўняй музыкі. У выкананні інтернацыянальнага дуэта пецябуржца Дзмітрыя Зубава і мінчанкі Галіны Мацюкавай будзе гучаць музыка эпохі барока на гістарычных інструментах - клавесіне і флейце-траверсо. Арганізатары фестывалю імкнуцца кожны раз адкрываць для слухачоў новыя імёны. Акрамя вышэйназваных, у Віцебск па спецыяльным запрашэнні ідэйнага натхняльніка форуму Дзмітрыя Салерцінскага прыедзе лаўрэат міжнародных конкурсаў Майкл О’Рурк з Ірландыі. На яго фартэпіянным канцэрце "Музыка ночы", які ўключае нактюрны, санаты, прэлюдыі, калыханку, слухачы адчуюць усю гаму настрояў і станаў гэтай пары сутак. Адметнай падзеяй стане канцэрт камернай музыкі ансамбля салістаў"Класік-Авангард" - да 25-годдзя калектыву і 180-годдзя з дня нараджэння польскага скрыпача і кампазітара Генрыка Веняўскага. "Класік-Авангард" з'яўляецца адным з ініцыятараў зараджэння віцебскага фестывалю і яго практычна пастаянным удзельнікам.
Гонар зачыняць музычнае свята прадастаўлены даўняму сябру форуму - народнаму артысту Расіі Аляксею Любімаву.
Ён перакананы прыхільнік аўтэнтычнага выканання музыкі XVII - XIX стст., у чым слухачы пераканаюцца на фартэпіянным канцэрце, дзе прагучаць кампазіцыі Моцарта, Бетховена, Скрабіна, Пярта. Традыцыйна фестываль уключае і навуковыя чытанні, у якіх возьмуць удзел вучоныя-музыказнаўцы з Бельгіі, Латвіі, Італіі, Ірландыі, Расіі і Беларусі.
Кацярына Князева - БЕЛТА.